На адкрыцьці памятнай дошкі Быкаву ТБМ слова не далі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Выступоўцаў на імпрэзе прызначаў асабіста намесьнік начальніка Віцебскага гарвыканкаму па ідэалёгіі Павал Лосіч.

І ў гэты пералік ня трапілі ні старшыня абласной рады ТБМ Іосіф Навумчык, ні ягоны намесьнік Юры Бабіч.

На ўрачыстасьці, прысьвечанай адкрыцьцю мэмарыяльнай дошкі Васілю Быкаву, далі слова толькі прадстаўнікам Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Вользе Русілцы і Генадзю Пацыенку, мастаку-вэтэрану Анатолю Кавалёву і рэдактару дзяржаўнай газэты “Народнае слова” Сяргею Рублеўскаму. Вядучымі ўрачыстай цырымоніі былі студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а музычны фон ствараў вайсковы духавы аркестар.

Жыхары Віцебску ўскладаюць кветкі да мэмарыяльнай дошкі


Нягледзячы на тое, што амаль у кожнай прамове выступоўцы дзякавалі за клопат пра ўшанаваньне памяці Быкава мясцовым уладам, на імпрэзе прысутнічаў усяго адзін прадстаўнік гарадзкога кіраўніцтва — намесьнік начальніка аддзелу культуры гарвыканкаму Ігар Баярынцаў.

Ніхто ніводным словам не згадаў, што ў 2004 годзе аблвыканкам пад ціскам грамадзкасьці мусіў прыняць да выкананьня прапановы Таварыства беларускай мовы пра ўшанаваньне на Віцебшчыне памяці пісьменьніка-земляка. Сярод іх была й прапанова ўсталяваць мэмарыяльную дошку на будынку колішняга мастацкага тэхнікума, дзе ў 1939—1940 гг. вучыўся Васіль Быкаў.

Але старшыня абласной Рады ТБМ Ёсіф Навумчык кажа, што крыўдна нават ня тое, што арганізацыю падчас імпрэзы не згадалі.

“Паводле традыцыі, калі адкрываюць мэмарыяльныя дошкі, то абавязкова запрашаюць сваякоў гэтага чалавека. Аднак калі паўстала пытаньне пра тое, каб запрасіць удаву Васіля Быкава Ірыну Міхайлаўну, ягоную сястру Валянціну Ўладзіміраўну, дык тыя, хто займаецца гэтым у гарвыканкаме, чагосьці забаяліся. Яны думалі, што тады, як зьбяруцца сваякі ды родныя, імпрэза ператворыцца ў нейкую акцыю. І калі мы папрасілі слова ад ТБМ, якое фактычна ініцыявала гэтую справу, нам таксама было катэгарычна адмоўлена”, — распавёў Ёсіф Навумчык адразу пасьля ўрачыстасьці.


Ёсіф Навумчык


На тым, каб на адкрыцьцё дошкі запрасілі бліжэйшых сваякоў пісьменьніка, настойвалі і аўтары, віцебскія скульптары Аляксандар Гвозьдзікаў і Валеры Магучы. Іхную думку таксама не ўлічылі, таму на цырымоніі адкрыцьця яны сказалі ўсяго па некалькі слоў. На думку спадара Магучага, імпрэза атрымалася казённай. А ён, працуючы над мастацкім увасабленьнем напамінку пра Васіля Быкава, імкнуўся ўвасобіць у гэтай дошцы часьцінку ягонае душы.

Скульптары Аляксандар Гвозьдзікаў (зьлева) і Валеры Магучы


“Хацелася стварыць сымбаль і зямной долі чалавека — Быкава, і ягонага творчага духу. Таму на дошцы скульптурныя выявы галавы пісьменьніка, які нібыта глядзіць уніз, і жорава, які вольна ўзьлятае”, — апісвае твор Валеры Магучы.

Дошка ў гонар Васіля Быкава стала пятай у шэрагу мэмарыяльных дошак, якія сьведчаць, што ў віцебскай мастацкай вучэльні выкладалі і вучыліся такія вядомыя ў Беларусі асобы, як архітэктар Уладзімер Кароль, скульптары Сяргей Селіханаў, Заір Азгур і Андрэй Бембель.