Паводле Тацяны Севярынец, тое, што ёй давялося сёньня ўбачыць на ўчастках для галасаваньня, яшчэ больш падмацавала рашэньне пра няўдзел у выбарах.
“Калі я прыехала ў акруговую камісію — прыехала зарана, каб пасьпець да пачатку датэрміновага галасаваньня, — убачыла спадарыню, якая ўжо ішла з пашпартам. Пытаюся: “Куды вы так хуценька і так раненька бяжыце?” А яна адказвае: “А што ж рабіць? Нам у дзіцячым садку № 67 загадалі, каб мы абавязкова сёньня ж датэрмінова прагаласавалі!” І яшчэ адно парушэньне: папярэдняе галасаваньне пачалося безь сямі хвілін 10. Зьвярнула я ўвагу яшчэ вось на такую езуіцкую хітрасьць: вісіць узор бюлетэню, як яго трэба запаўняць. Там два несапраўдныя прозьвішчы — для ўзору, бо на сёньняшнюю раніцу прэтэндэнтаў было двое, Грыцкевіч і я. Дык вось насупраць першага прозьвішча і стаіць “галачка”. Я памятаю, што ў 2006 годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, калі прозьвішча Лукашэнкі было трэцім, “галачка” стаяла насупраць трэцяга прозьвішча. Дык вось і цяпер яна нікуды не зьляцела — ізноў прысела там, дзе, на думку ўладаў, павінен паставіць адзнаку выбарац”, — кажа Тацяна Севярынец.
На заўважаныя парушэньні яна зьвярнула ўвагу сябра камісіі, які прымаў у яе заяву пра адмову ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Апазыцыянэрка кажа, што пасьля зробленага адчувае вялікую палёгку:
“Адчуваю пачуцьцё свабоды. І не таму, што стамілася — а гэта таксама ёсьць, бо была цяжкая кампанія — а таму, што абрыдла корпацца ў гэтым брудзе. Вось нібыта я вынырнула, ачысьцілася, адмылася… І мне так лёгка-лёгка на душы! Але не сканчаецца мая праца, бо добра ведаю, якія настроі ў жыхароў маёй акругі, таму буду працягваць байкотную кампанію, каб ня йшлі людзі на выбары. А потым пачнецца праца ў акрузе з простымі людзьмі — якія ня ведаюць, куды ім зьвярнуцца, калі ў іх ёсьць нейкія праблемы”.
Апазыцыйная кандыдатка падала ў акруговую камісію заяву пра спыненьне ўдзелу ў выбарах. Яна аргумэнтавала сваю пазыцыю тым, што падчас гэтае кампаніі сыстэматычна парушаецца выбарчае заканадаўства. Цяпер у Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе № 17 застаўся адзін, прычым праўладны, кандыдат — старшыня гарсавету Генадзь Грыцкевіч.
У прыватнасьці, спадарыня Тацяна згадала ціск на сябраў яе каманды, цэнзуру з боку кіраўніцтва друкарні, якое зацягнула выданьне ейных улётак, 6 адмоваў у арганізацыі сустрэч з выбарцамі — вулічных пікетаў і сходаў на прадпрыемствах ды ўстановах, у тым ліку і ў яе “роднай” школе — школе № 40, дзе яна працавала настаўніцай расейскай мовы і адкуль паўтара года таму яе звольнілі.