Беларускі апазыцыйны палітык Аляксандар Казулін, які знаходзіцца з кароткатэрміновым візытам у ЗША і мае сёньня сустрэцца з амэрыканскім прэзыдэнтам Джорджам Бушам, перакананы, што менавіта ўмяшаньне ЗША фактычна выратавала яму жыцьцё.
У свой час Вашынгтон запатрабаваў разгляду яго справы ў Радзе бясьпекі ААН, і гэта стала адной з галоўных умоў для спыненьня яго працяглай галадоўкі.
Выступаючы перад журналістамі, палітолягамі і дыпляматамі ў Міжнародным Рэспубліканскім інстытуце ў Вашынгтоне, былы палітвязень падзякаваў амэрыканскаму народу, ураду ЗША і асабіста прэзыдэнту Бушу за гэтую спагаду да ягонага лёсу, падае радыё Voice of America.
Беларускі апазыцыйны палітык падзяліўся ўласнымі ўражаньнямі адносна сытуацыі ў Беларусі.
Паводле ягоных слоў, ход перадвыбарчай кампаніі не дазваляе спадзявацца на дэмакратычныя і справядлівыя выбары. Іх вынікі ўжо вызначаныя ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, і ніводзін з аўтарытэтных прадстаўнікоў апазыцыі і крытыкаў рэжыму ў гэтак званы парлямэнт проста ня трапіць.
“Больш за тое, - падкрэсьліў Казулін, - нягледзячы на вызваленьне апошніх палітзьняволеных, у краіне ў любы момант можа быць ізноў разьвязаная кампанія жорсткіх рэпрэсій супраць апанэнтаў рэжыму”.
Адным з найбольш рэальных шляхоў выйсьця краіны з сыстэмнага крызысу Казулін назваў “круглы стол” з удзелам прадстаўнікоў уладаў і дэмакратычнай апазыцыі пры пасярэдніцтве ЗША і ЭЗ.