“У Беларусі адбываюцца істотныя зрухі на заканадаўчым ўзроўні, якія cпрыяюць паляпшэньню інвэстыцыйнага клімату, а таксама ўмовам вядзеньня бізнэсу”.
Пра гэта ў аўстрыйскім Фэльдэне на ІІІ Эканамічным форуме краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы заявілі старшыня Менскага аблвыканкаму Валеры Скакун ды іншыя прадстаўнікі беларускай дэлегацыі.
Як падаюць аўстрыйскія Wirtschaftsblatt і Kleine Zeitung, сёлета эканамічны форум быў адзначаны самым высокім прадстаўніцтвам - у ім удзельнічалі каля 400 чалавек. Што да беларускай дэлегацыі на чале з Валерам Скакуном, у якую ўвайшлі 13 адказных беларускіх чыноўнікаў, то яна прадэманстравала намер узмацніць эканамічныя стасункі з Аўстрыяй у дастаткова няпросты для Менску пэрыяд - дзеяньня санкцыяў з боку ЭЗ.
Паведамляецца, што аўстрыйскім інвэстарам былі прапанаваныя прывабныя праекты ў галіне мэталяпрамысловасьці.
Як пішуць аўстрыйскія выданьні, праўдападобна, што двухбаковыя кантакты на эканамічным узроўні будуць рухацца. Сёньня Аўстрыя належыць да галоўных заходніх укладальнікаў капіталу ў беларускую эканоміку, у прыватнасьці, мадэрнізуе Velcom, будаўнічую прамысловасьць, таксама зьяўляецца вядучым гандлёвым партнэрам Беларусі.