Між тым апазыцыя, якую амаль не дапусьцілі ва ўчастковыя камісіі, заяўляе, што менавіта там могуць адбыцца масавыя фальсыфікацыі.
Назіральнік Беларускага Хэльсынскага камітэту з Капыля Віктар Дашкевіч высьвятляў, як фармаваліся 10 камісій у сваім раёне і выявіў, што 29 чалавек былі ўключаныя ў склад камісій з парушэньнем Выбарчага кодэксу — іх вылучылі ад працоўных калектываў, у якіх тыя не працавалі. Спадар Дашкевіч падаў у сувязі з гэтым заяву ў пракуратуру. Там пацьвердзілі ягоныя высновы і прадпісалі райвыканкаму ліквідаваць парушэньні. Райвыканкам адмяніў сваю ранейшую пастанову аб фармаваньні выбарчых камісіяў і празь нейкі час выдаў новую зь іншым складам камісіяў, сьведчыць спадар Дашкевіч:
“А насамрэч там быў ранейшы склад камісій, толькі ўжо не ад працоўных калектываў, а быццам іх вылучалі людзі шляхам збору подпісаў”.
Віктар Дашкевіч абскардзіў і гэтае рашэньне, бо паводле закону ўлады мусілі замяніць сябраў камісіяў, якія выбылі з іх складу. Ён падаў заяву ў раённы суд. Але Капыльскі райсуд адмовіўся разглядаць скаргу, бо палічыў, што яна не падлягае яго кампэтэнцыі. Рашэньне раённага суду спадар Дашкевіч абскардзіў у абласным. Апошні мае разгледзець скаргу 22 верасьня. Спадар Дашкевіч таксама напісаў чарговую заяву ў пракуратуру, цяпер чакае адказу і зьбіраецца давесьці сваю справу да канца. Дзеяньні ўладаў ён тлумачыць наступным чынам:
“Мясцовыя чыноўнікі зацікаўленыя, каб гэтыя самыя людзі знаходзіліся ў камісіях, таму што яны там ужо гадамі, ня першы раз у выбарах удзельнічаюць, яны ўжо ведаюць устаноўку, як трэба іх праводзіць, як трэба лічыць галасы і пісаць пратаколы”.
Вядомы беларускі праваабаронца Гары Паганяйла сьведчыць, што адмова судоў разглядаць скаргі на парушэньні пры фармаваньні выбарчых камісіяў - звычайная справа.
Падобны адказ прыйшоў і на скаргу старшыні АГП і актывістаў партыі, якіх не ўключылі ва ўчастковыя камісіі ў Цэнтральным раёне Менску. Судзьдзя Цэнтральнага раёну Ясіновіч таксама адмовілася разглядаць скаргу “з-за яе непадведамаснасьці” суду і ў сваім адказе напісала, што паводле Выбарчага кодэксу ўвогуле “не прадугледжваецца абскарджваньне дзеяньняў па фармаваньні ўчастковых выбарчых камісіяў”.
Рашэньне спадарыні Ясіновіч таксама абскарджана ў судзе вышэйшай інстанцыі. Але пакуль скаргі разгледзяць, сфармаваныя ўладамі камісіі ўжо падлічаць галасы. Гары Паганяйла робіць выснову:
“Суды ўхіляюцца ад судовага кантролю над фармаваньнем участковых камісіяў. Гэта жудасная сваволя, і яе немагчыма пераламаць”.
Паводле спадара Паганяйлы, каля 70 працэнтаў участковых камісіяў у Беларусі сфармаваныя з парушэньнем артыкула 35, які забараняе вылучаць у камісію некалькі прадстаўнікоў аднаго калектыву. Ні пракуратура, ні суды, ні ЦВК не рэагуюць на гэтае парушэньне, якое за апошнія гады перарасло ў сыстэму.
“Сфармаваныя такім чынам участковыя камісіі зробяць усё, што трэба цяперашнім уладам. Гэта, па сутнасьці, спосаб незаконнага ўтрыманьня ўлады”, - такую выснову зрабіў вядомы беларускі юрыст Гары Паганяйла.
Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына так пракамэнтавала выказваньні спадара Паганяйлы: “Гэта, натуральна, ягонае ўласнае бачаньне закону. Ён можа трактаваць закон нічым не рызыкуючы, як ён хоча”.