ХДС адзначае страшэнную непавагу Менску да дэмакратычных правоў

Рональд Пафала

Нямецкія хрысьціянскія дэмакраты на сустрэчы зь лідэрам руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам выказалі сваё незадавальненьне станам правоў чалавека ў Беларусі.

Беларускі апазыцыйны палітык, які знаходзіцца ў Бэрліне на запрашэньне фундацыі імя Конрада Адэнаўэра, учора сустрэўся зь нямецкім бундэсканцлерам Ангелай Мэркель і генэральным сакратаром партыі ХДС Рональдам Пафалам.

У размове з Ангелай Мэркель беларускі апазыцыйны палітык прадставіў сваё ўласнае бачаньне далейшага разьвіцьця беларускай сытуацыі. Як заявіла ў адказ нямецкая кіраўніца, рашэньне праблемы правоў чалавека ў Беларусі зьяўляецца прыярытэтам для Нямеччыны.

Незадавальняльны стан правоў чалавека ў Беларусі адзначыў на сёньняшняй сустрэчы зь Мілінкевічам генэральны сакратар Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу Рональд Пафала. Ён падкрэсьліў, што “прынцыпы дэмакратыі, прававой дзяржавы і правоў чалавека па-ранейшаму не паважаюцца ў Беларусі ў страшэннай ступені”.

Рональд Пафала таксама падкрэсьліў, што нямецкія хрысьціянскія дэмакраты “вельмі энэргічна падтрымліваюць студэнтаў ЭГУ”, якія насуперак усім цяжкасьцям робяць стаўку на вольнае, дэмакратычнае мысьленьне”

Як падаецца на прэсавым сайце нямецкіх хрысьціянскіх дэмакратаў, заява была зроблена пры накіраваньні ў Вільню, у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт грузу кніг і кампутараў. Ініцыятарамі гэтай акцыі сталі ХДС ды Кола студэнтаў — хрысьціянскіх дэмакратаў. У перадачы ахвяраваньняў таксама ўзялі ўдзел прадпрымальнікі і прадстаўнікі ўнівэрсытэтаў з усёй Нямеччыны.

Зь беларускага боку, акрамя Аляксандра Мілінкевіча, на акцыі прысутнічаў і рэктар ЭГУ ў Вільні Анатоль Міхайлаў.