Па дазвол на мітынгі – у ААН

Трыццаць сем жыхароў Гомеля накіравалі скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека. Яны просяць абараніць сваё права на свабоду мірных сходаў.
Нагодай для звароту ў ААН стала татальная забарона Гомельскім гарвыканкамам заяўленых актывістамі пікетаў і мітынгаў, у тым ліку і ў зьвязку зь цяперашнімі парлямэнцкімі выбарамі.

Гаворыць адзін з заяўнікаў пікетаў, сябра ПКБ Анатоль Ільінчык:

“Зьвяртаўся я больш за дзесяць разоў па дазвол на правядзеньне мітынгаў і пікетаў — і супраць ліквідацыі льготаў, і супраць падвышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Гарвыканкам заўсёды адмаўляў нам і мне асабіста. І не даваў ніякай матывацыі — адмова й адмова.

Кожны раз мы падавалі ў суд. Але суд не прыслухоўваецца да нашых довадаў, а заўсёды падтрымлівае гарвыканкам. Таму застаецца толькі зьвярнуцца ў такія кампэтэнтныя органы міжнароднага ўзроўню, як Арганізацыя Аб'яднаных Нацый”.

Адной з апошніх забаронаў гарвыканкама стала адмова актывісту стваранага руху “За свабоду” Ўладзімеру Кацору на правядзеньне мітынгу і пікету з мэтай агітацыі супраць кандыдатаў ад улады й тлумачэньня пазыцыі вылучэнцаў ад Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, якія адмовілася ўдзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты й сяброў акруговых камісіяў.

Рыхтаваць скаргі гамельчукам дапамагаў актывіст АГП, юрыст Леанід Судаленка:

“І Канстытуцыя нашай краіны, і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах кажуць, што права на правядзеньне мірных сходаў ня можа быць абмежавана, за рэдкім выключэньнем.

У нашым горадзе колькі б актывісты ні заяўлялі мітынгаў і пікетаў, гарвыканкам ніводнага не дазволіў”.

Пяць аналягічных зваротаў у Камітэт ААН рыхтуюць і жыхары Жлобіна й Сьветлагорску, якім мясцовыя ўлады таксама забараняюць праводзіць пікеты й мітынгі.