У Гомлі падчас сьвяткаваньня Дня гораду міліцыя схапіла мясцовага актывіста незарэгістраванага “Маладога фронту” Андруся Цянюту зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Было гэта вечарам 13 верасьня. Андрусь з паплечнікамі ішоў на канцэрт да Лядовага палацу.
Міліцыянты выхапілі з натоўпу маладафронтаўца са сьцягам і, зьбіваючы, павалілі на зямлю.
Як паведаміў Андрусь, яму вывіхнулі палец і пашкодзілі калена.
Напачатку хлопца прывезьлі ў аддзяленьне міліцыі на вуліцы Мазурава, а затым — у Цэнтральны РАУС. Супраць яго склалі некалькі пратаколаў, у прыватнасьці, за нецэнзурную лаянку й супраціў міліцыі.
Ноч спадар Цянюта правёў у халодным пакоі, седзячы на бэтоннай падлозе.
Уранку, калі міліцыянты да пачатку суду хацелі адвезьці Андруся ў ізалятар часовага затрыманьня, ён запатрабаваў лекара, бо з-за моцнай прастуды пачуваў сябе вельмі кепска. Яго адпусьцілі бяз позвы ў суд.
Атрымаўшы мэдычную дапамогу, Андрусь зьехаў з Гомеля.
Андрусю Цянюту 21 год. Ён вучыцца завочна ў расейскай сельскагаспадарчай акадэміі. Летась яго арыштоўвалі за распаўсюд улётак у падтрымку выключанага з унівэрсытэту па палітычных матывах студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнкі.
Гомельская ўправа КДБ праводзіла ў кватэры бацькоў спадара Цянюты ператрус і дапытвала хлопца ў якасьці падазронага ў крымінальнай справе за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.