Ірляндыя і Беларусь паразумеліся ў пытаньні дзіцячага аздараўленьня

Міністар замежных справаў Ірляндыі Майкл Марцін

У Дубліне адбыліся перамовы паміж міністрам замежных спраў Ірляндыі Майклам Марцінам і прадстаўніком амбасады Беларусі ў Вялікабрытаніі і Ірляндыі Валерам Курдзюковым.
Бакі абмеркавалі магчымасьці працягу праграмаў адпачынку і лекаваньня чарнобыльскіх дзяцей у гэтай краіне.

Як заявіў ірляндзкім мэдыям прэсавы сакратар міністэрства замежных справаў, “у абодвух бакоў цяпер ёсьць яснае разуменьне таго, што трэба рабіць”. Ён працытаваў словы міністра адносна таго, што Ірляндыя “імкнецца задаволіць патрабаваньні Менску што да далейшых наведаньняў краіны беларускімі дзецьмі”.

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ірляндыі таксама выказаў надзею, што абодва бакі “прыйдуць да станоўчага рашэньня пытаньня, у выніку якога беларускія дзеці і надалей будуць выяжджаць за мяжу”.

Паведамляецца, што Міжнародная арганізацыя Chernobyl Children's Project International (CCPI) у Дубліне вітала вынікі гэтых перамоваў.

Як заявіла кіраўніца праграмы Эйдзі Роч, “вельмі цяжка выказаць словамі ўсю тую падзяку, якую актывісты арганізацыі маюць да ірляндзкага міністра і яго калегаў”.

“Мы таксама вельмі ганарымся ірляндзкім народам, які аднагалосна падтрымаў намаганьні арганізацыі ў пытаньні адмены забароны”, сказала Эйдзі Роч.

Яна нагадала, што ад пачатку 1991 году ў рамках праекту CCPI у Ірляндыі сваё здароўе паправілі прыкладна 17 тысяч чарнобыльскіх дзетак.