“Праграмы па аздараўленьні беларускіх дзяцей у ЗША будуць прыпыненыя да таго часу, пакуль амэрыканскі ўрад ня дасьць беларускаму адпаведных гарантыяў”, — заявіў амэрыканскім мэдыям супрацоўнік беларускай амбасады ў Вашынгтоне Алег Краўчанка.
Дыплямат абвінаваціў амэрыканскую сям’ю Дэбры і Мануэля Запатаў, у якой вырашыла застацца 16-гадовая беларуская грамадзянка Таня Казыра, у тым, што яны пазбавілі дзяўчынку магчымасьці атрымліваць сярэднюю адукацыю на радзіме. Краўчанка дадаў, што гэта “дрэнная паслуга” для Тані.
Сама Таня Казыра цьвердзіць, што незалежна ад таго, дзе яна будзе жыць, яна мае намер працягваць адукацыю і пасьля школы паступіць у інстытут.
“Я хачу займацца сьпевамі ці працаваць зь дзецьмі”, — дзеліцца сваімі плянамі дзяўчынка. У Пэталуме яна пакуль бярэ прыватныя ўрокі ангельскай мовы. Згодна з амэрыканскімі законамі, аднак, дзяўчынка, маючы турыстычную візу, ня можа наведваць сярэднюю школу. Для гэтага ёй патрэбная прынамсі студэнцкая віза.
Як мяркуюць амэрыканскія спэцыялісты ў справах іміграцыі, атрымаць такую візу будзе далёка ня проста, бо ў Таніным выпадку “ёсьць цэлы шэраг супярэчлівых аспэктаў”. З аднаго боку, Таня мае права кансультавацца з амэрыканскімі адвакатамі, а зь іншага, яе сямейныя цяжкасьці — недастатковая падстава для таго, каб застацца ў Запатаў.
У сваю чаргу, наняты амэрыканскай сям’ёй адвакат Крыстафэр Кероскі сьведчыць, што гатовы прасіць палітычнага прытулку для сваёй беларускай кліенткі. “Згодна з амэрыканскімі законамі, яна мае на гэта права”, — кажа Кероскі.
Ён таксама лічыць, што Танін учынак ня можа стаць падставай для таго, каб беларускія ўлады забаранялі праграмы аздараўленьня чарнобыльскіх дзяцей у ЗША.
Прадстаўнік беларускай амбасады ў Вашынгтоне Алег Краўчанка называе сытуацыю небясьпечнай. Ён кажа, што добра разумее ўсе наступствы, бо сам мае двух сыноў: “Калі нехта зь іх не ідзе ў школу, я не дазваляю яму наняць адваката. З гэтай дзяўчынкай тое самае. Яна непаўналетняя і ня можа вырашаць сама за сябе”.
“Мы хочам, каб Таня вярнулася дадому. Гэта было б адзінае правільнае рашэньне ў гэтай сытуацыі”, — кажа дыплямат. — “Пасьля гэтага інцыдэнту ніводная нармальная сям’я ў Беларусі, думаю, больш не дазволіць пасылаць у ЗША сваіх дзяцей”.
Паводле Алега Краўчанкі, адразу пасьля таго, як Таня Казыра 5 жніўня не зьявілася ў аэрапорт Сан-Францыска, беларускія чыноўнікі вырашылі цалкам спыніць праграму аздараўленьня ў ЗША, калі Таня Казыра ня вернецца дадому неадкладна.
Аднак апошнім часам яны перагледзелі свае патрабаваньні і хочуць цяпер атрымаць ад ЗША гарантыі таго, што падобны інцыдэнт больш не паўторыцца. Як вынікае са слоў прадстаўніка беларускай амбасады, амэрыканскі ўрад цяпер разглядае прапанаваны Менскам праект пагадненьня адносна абменных праграмаў.
У сваю чаргу, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША паведаміў прэсе, што яго ведамства сапраўды кантактавала зь Менскам у сувязі са справай Тані Казыры, аднак дадаў, што ня ведае ні пра якія пагадненьні і дамоўленасьці.