10 тысяч беларусаў штогод паміраюць ад алькаголю

Паводле прагнозаў адмыслоўцаў, у 2009 годзе ў Беларусі будзе на ўліку 200 тысяч алькаголікаў. У 2007 годзе наркадыспансэры налічвалі 182 тысячы залежных ад алькаголю. За пяць гадоў да таго, у 2001-м годзе іх было 122 тысячы. Фактычна ў Беларусі штогод более на 10 тысяч алькаголікаў.
Добры доктар Алькаголь —
Ён усім здымае боль!
Да яго прыходзь лячыцца
і цясьляр, і кранаўшчыца,
і прафэсар, і студэнт,
і паэт, і прэзыдэнт.
Пазьдзімае з ранаў соль
добры доктар Алькаголь!


Верш пад назвай “Добры доктар Алькаголь” Віктара Жыбуля ў паэтычнай форме дэкляруе высновы нядаўняй справаздачы Міністэрства аховы здароўя, — “цягам апошніх гадоў колькасьць хворых на алькагалізм і алькагольныя псыхозы няспынна расьце”. Да канца гэтага году чакаецца, што колькасьць алькаголікаў складзе каля 195 тысяч, а на наступны год — сягне роўню 200 тысяч. Досьвед краінаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы сьведчыць, што пры ўмове рэальнага рэфармаваньня эканомікі спажываньне сьпіртнога падае. А беларусы, наадварот, у параўнаньні з пачаткам 90-х сталі піць амаль на 60% больш. Пры гэтым узровень сьмяротнасьці з-за злоўжываньня алькаголем павялічыўся ўдвая. Ад хваробаў, выкліканых алькагольным злоўжываньнем, штогод паміраюць каля 10 тысяч чалавек, сьведчаць у Міністэрстве аховы здароўя.

Нэўроляг Васіль Аўраменка з Магілёва сутыкаецца з наступствамі алькагалізму сваіх пацыентаў штодня:

“Я, як нэўроляг, сутыкаюся найперш з паражэньнямі нэрвовай сыстэмы. Злоўжываньне алькаголем у першую чаргу адбіваецца на нэрвовай сыстэме, на пэрыфэрычных нэрвах і на цэнтральнай нэрвовай сыстэме — гэта паражэньне мазжачку і лобных доляў мозгу. Гэта тыя месцы, якія найбольш адчувальныя. З унутраных органаў церпіць у першую чаргу пячонка — гепатыты розныя алькагольныя... Крыху ў меншай ступені церпіць страўнік”.
Цягам апошніх 10 год спажываньне сьпіртовых напояў у Беларусі павялічылася з 6,7 да 9,36 літраў абсалютнага алькаголю на душу насельніцтва.

Стагодзьдзе таму спажываньне гарэлкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ацэньвалася ў 5 літраў на чалавека. У Аўстра-Вугоршчыне тады пілі ўдвая больш... Цягам апошніх дзесяці год спажываньне сьпіртовых напояў у Беларусі павялічылася з 6,7 да 9,36 літраў абсалютнага алькаголю на душу насельніцтва. І гэтае павелічэньне наўпрост зьвязана з ростам алькагольных хваробаў.

Васіль Аўраменка працуе нэўролягам 25 год. Сёньняшнюю сытуацыю ён параўноўвае з часамі “сухога закону” Гарбачова-Лігачова:

“Відавочна, тое, што было ў 80-х ды на пачатку 90-х і тое, што цяпер — гэта вялікая розьніца. Уплываў “сухі закон” — і паводле статыстыкі, і з жыцьцёвага, прафэсійнага досьведу магу сказаць: быў рэзкі спад алькагольных хвароб і ўласна выпадкаў алькагалізму. Меней спажывалі, так ці інакш. І на прыкладзе Фінляндыі бачна, дзе “сухі закон” існуе, — там, праўда, іншыя праблемы ўзьнікаюць, але на паказчыкі здароўя “сухі закон” уплывае станоўча”.

Псыхолягі штодня сутыкаюцца з праблемай “сузалежнасьці”, ад якой найперш церпяць сваякі і блізкія людзі алькаголіка. З аднаго боку, жонка ці муж, дзеці перастаюць жыць уласным жыцьцём. Пачынаюць глядзець на сьвет скрозь прызму погляду хворага чалавека — нап’ецца ён сёньня ці не, прыйдзе дахаты ці не... Другі бок мэдаля — сузалежнасьць фізычная — часьцей здараецца з жонкамі, калі, апусьціўшы рукі, жанчына пачынае злоўжываць алькаголем разам з мужам. Афіцыйна ў Беларусі цяпер 32 тысячы жанчын з алькагольнай залежнасьцю. Псыхолягі працуюць найперш не з самімі алькаголікамі, а з тымі, хто апынуўся зь імі побач, распавядае псыхоляг Жана Міцкевіч:

“Вельмі многа людзей прыходзіць з гэтым. Тыя людзі, якія жывуць побач з алькаголікам, спрабуюць вырашыць ягоную праблему самі: яны яго ўгаворваюць, аб нечым дамаўляюцца, крычаць, бунтуюць... І гэта нічога не дае. Бо ён усё адно ведае: вы мяне ўсё адно прымеце, пашкадуеце і ўсё адно я буду сярод вас і рабіць тое, што хачу я. А вось калі перад гэтым чалавекам мяняюць пазыцыю — маўляў, вырашай свае праблемы сам, гэткія паводзіны — першы крок да вызваленьня ад праблемы”...

Для тых, хто прыйшоў да высновы, што нецьвярозае жыцьцё трэба мяняць на цьвярозае, існуюць клюбы ананімных алькаголікаў ды наркалягічныя дыспансэры. Першае таварыства ананімных алькаголікаў зьявілася ў Менску ў 1990 годзе. Цяпер у Беларусі працуе 57 гэткіх груп, у Менску — 11. Для параўнаньня, у Польшчы іх — 2000, толькі ў Варшаве — 300. У гэткіх клюбах працуюць колішнія алькаголікі, якія самі пазбыліся залежнасьці і хочуць дапамагчы іншым, распавядае Жана Міцкевіч:
На 182 тысячы алькаголікаў у Беларусі няма нават 1 тысячы нарколягаў.

“Вельмі добрая праграма амэрыканская, якая атрымала шырокі распаўсюд па ўсім сьвеце і асабліва эфэктыўна пайшла ў скандынаўскіх краінах — Швэцыі, Фінляндыі, Нарвэгіі. Праграма называецца “12 крокаў”, дзякуючы якім чалавек паступова, паэтапна ідзе па шляху да цьвярозага жыцьця”...

Што да наркадыспансэраў, то дыспрапорцыя колькасьці нарказалежных і тых, хто іх лекуе, сьведчыць сама за сябе. На 182 тысячы алькаголікаў у Беларусі няма нават 1 тысячы нарколягаў.