Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўральная цьвярозасьць на Магілёўшчыне


На Магілёўшчыне ўжо тыдзень падлічваюць маральныя і матэрыяльныя страты ад Дня цьвярозасьці, абвешчанага аблвыканкамам.

27 жніўня ў вобласьці не прадаваліся алькагольныя напоі. Магілёўскі аблвыканкам у гэты дзень абвясьціў Дзень цьвярозасьці.
Сваю пастанову ўлада аргумэнтавала прапагандай здаровага ладу жыцьця, барацьбой з п’янствам і алькагалізмам, а таксама клопатам пра дэмаграфічную бясьпеку рэгіёну.
Пастанова пра Дзень цьвярозасьці прымалася аблвыканкамам у тэрміновым парадку. Так крамы атрымалі загад не прадаваць 27 жніўня піва й віна-гарэлачнай прадукцыі толькі пасьля васемнаццаці гадзінаў 26 жніўня.
Бальшыня ж пакупнікоў пра пастанову аблвыканкаму даведвалася непасрэдна ля крамных стоек, дзе красавалася абвестка: “Сёньня сьпіртное не прадаецца, бо Дзень цьвярозасьці”.
Спадар: “Гэта глупства забараніць, гэта бессэнсоўна. Пачне нехта спэкуляваць. Самагонка гэта пойдзе. Наш народ знойдзе выйсьце з гэтай сытуацыі”.
Спадар: “Ува ўсіх аптэках набываюць настойку глогу. Людзям трэба выпіць. Ці праўда? Джын-тонік нельга, піва нельга. Загадзя пра гэта не паведамлялі. Вось яно: парушэньне правоў чалавека”.
Спадарыня: “Ну, дні цьвярозасьці праводзіць трэба. Можа, моладзь будзе менш ужываць алькагольныя напоі”.
Пытаньне пра страты ад Дня цьвярозасьці ў крамах успрымаюць дагэтуль нэрвова. Адмахваюцца адказам: “Яшчэ не падлічылі”.
У адной з крамаў гарадзкой гандлёвай сеткі у прыватнай гутарцы прадавачкі ўсё ж паведамілі, што за працоўны дзень не далічыліся 6 мільёнаў рублёў:
“У нашай сетцы чатыры крамы. Значыць, страты складуць блізу дваццаці пяці мільёнаў. У Магілёве такіх сетак пяць. Дзень жа цьвярозасьці праводзіцца па ўсёй вобласьці, вось і лічыце”, – падсумавалі прадавачкі.
На Дзень цьвярозасьці магілёўскі медвыцьвярэзьнік не пуставаў. Першага наведвальніка даставілі адразу пасьля дванаццаці гадзінаў. Усяго, паведаміў дзяжурны, 27 жніўня выцьвярэзьнік наведалі дзевяць чалавек:
“Звычайна так наведваюць дванаццаць-трынаццаць-пятнаццаць чалавек. На выходныя менш крыху”.
У тым, што Дзень цьвярозасьці эфэктыўны сродак у барацьбе з алькагалізмам сумняваюцца мэдыкі. Гаворыць мэдык Васіль Аўраменка:
“Самы галоўны вынік быў той, што арганізатары паставілі сабе галачку ў нейкіх там паперах. А на колькасьць ужываньня алькаголю, на колькасьць алькаголікаў гэта, канечне, ніяк не паўплывала. Больш мацюкоў стаяла ў паветры гораду, больш адмоўнай энэргіі выплёсквалася”.
У Магілёўскім наркалягічным дыспансэры на ўліку стаяць каля дваццаці двух тысяч хворых на алькагалізм. Гаворыць супрацоўніца дыспансэру:
“Гэта толькі верх айсбэргу. Насамрэч гэтую лічбу, напэўна, сьмела можна памножыць на дзесяць. Таму што ня ўсе выяўляюцца й ня ўсе зьвяртаюцца”.
У прыватных гутарка мэдыкі зазначаюць, што ў аптэках Магілёву на Дзень цьвярозасьці значна ўзрос продаж лекавых прэпаратаў на сьпірту – настойкі глогу й сардэчніка.
Кіраўніца магілёўскай няўрадавай арганізацыі “Жаночы цэнтар падтрымкі й самаадукацыі” Валянціна Гвазьдзёва лічыць, што Дзень цьвярозасьці ўлады задумалі, каб засьведчыць свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі “Год здароўя” й ня болей. Яна запытвае: “У колькі абышоўся вобласьці гэты дзень цьвярозасьці”:
“Гэтых лічбаў насельніцтва ня ведае, бо адразу ўзьнікае пытаньне: “Можа, было б лепей патраціць гэтыя грошы на вырашэньне канкрэтнай праблемы канкрэтных людзей. Адчуваньне такое, што пляны самі па сабе, а чалавек сам па сабе. Ён пра гэтыя пляны ня ведае, на яго зрэдку звальваецца Дзень цьвярозасьці. Гэта нязручна ня толькі людзям, якія залежаць ад алькаголю. Гэта было нязручна ўсім”.
Дзень цьвярозасьці на Магілёўшчыне ініцыяваў Магілёўскі аблвыканкам. Афіцыйныя крыніцы паведамлялі, што ён праводзіцца згодна з праграмай дэмаграфічнай бясьпекі рэгіёну дзеля прапаганды здаровага ладу жыцьця, барацьбы з п’янствам і алькагалізмам. Афіцыйных зьвестак пра вынікі Дня цьвярозасьці дагэтуль няма, як і інфармацыі – ці паўтораць улады яго яшчэ раз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG