Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 4 верасьня, чацьвер.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Спыненьне дыпляматычных адносінаў паміж Грузіяй і Расеяй — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў Свабоды:
Спадарыня Галіна, Магілёў: “Назваўшы прэзыдэнта Грузіі “палітычным трупам”, Мядзьведзеў абразіў гонар і годнасьць усяго народу Грузіі, і гэта яго чарговая вялікая памылка. Вельмі слушна зрабіла Грузія, парваўшы ўсе адносіны з кіраўніцтвам Расеі”.
Назваўшы прэзыдэнта Грузіі “палітычным трупам”, Мядзьведзеў абразіў гонар і годнасьць усяго народу Грузіі, і гэта яго чарговая вялікая памылка
Выказваньне камэнтуе старшыня Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч:
“Калі паважаны слухач, кажучы пра самавызначэньне народаў, мае на ўвазе Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, то трэба заўважыць, што ня ўсё там так адназначна. Узгадаць хаця б тое, што расейцы, інкарпаруючы гэтыя тэрыторыі, выдалі людзям свае пашпарты. Потым увялі свае войскі, потым прызналі незалежнасьць гэтых тэрыторый, а зараз кажуць пра тое, што будуць разглядаць далучэньне яшчэ дзьвюх аўтаномных рэспублік. І я перакананы, што канфлікт паміж Грузіяй і Расеяй — ён штучна створаны. Дзеля таго, каб узмацніць свой уплыў на пасьлясавецкіх тэрыторыях і ў нейкім фармаце вярнуцца да аднаўленьня саюзу савецкіх рэспублік”.
Слухач “Свабоды” Франц Качан у СМС-лісьце даслаў прапанову: “Абавязкова зрабiце падарожжа ў Шэметава Мядзельскага раёну на радзiму дзеда кампазытара Шастаковiча, i ў Сьвiр”.
Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем на тэму дэмакратыі і выбараў:
Спадар: “Дэмакратыя — гэта хлусьня і самападман. Улада абіраецца галасаваньнем, але дзе гарантыя, што прыхільнікі неабраных кандыдатаў будуць падпарадкоўвацца абранаму? Значыць, ёсьць нейкая сіла, якая кантралюе дэмакратычны працэс і якая, адпаведна, мацнейшая за тое, што тэарэтызуецца як дэмакратыя”.
Выказваньне камэнтуе грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на Радыё Свабода, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Віталь Каратыш:
“Штосьці ў гэтым ёсьць, што дэмакратычныя працэсы не заўсёды кіруюцца грамадзтвам. Як і кожная ідэя, ідэя дэмакратыі вельмі файная. Разам з тым, гуляючы паводле правілаў дэмакратыі, пэўныя сілы могуць быць у больш выйгрышнай сытуацыі і маніпуляваць думкай грамадзтва. Тым больш што зараз шырока разьвітыя розныя тэхналёгіі ўплыву на грамадзкую думку. Праўда ў тым, што ёсьць мэханізмы маніпуляваньня грамадзкай думкай. З гэтым я згодны. Гэта б ня мела вырашальнага значэньня, калі б грамадзтва было падрыхтаванае. Каб грамадзтва было на такім узроўні дэмакратыі, каб усе гэтыя працэсы, спробы маніпуляцыі магло разумець і супрацьстаяць гэтым узьдзеяньням. На жаль, баюся, што пра беларускае грамадзтва такое рана пакуль казаць”.