Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 3 верасьня, сераду.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
У Брусэлі адбыўся саміт Эўразьвязу ў пытаньні палітыкі Расеі на Каўказе. Камэнтар слухачкі Свабоды:
Эўразьвяз даў магчымасьць Расеі зразумець і выправіць сваю памылку. Яшчэ ў даволі цярплівай форме. Але любое цярпеньне мае сваю мяжу
Наступны слухач задае пытаньне:
Ільля Копыл, Менск: “Добры дзень, “Свабода”. Хацеў бы даведацца, які лёс чарговых тамоў твораў Васіля Быкава. Ходзяць чуткі, што сёмы і восьмы тамы даўно надрукаваныя і ляжаць у сховішчы друкарні ў Екацерынбургу. Беларускі бок ня здольны іх выкупіць з-за адсутнасьці грошай. Адкажыце, калі ласка, а як на самой справе? Калі і дзе можна набыць чарговыя тамы?”
Адказвае старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:
“Вялікі дзякуй і за цікавасьць, і за пытаньне. Насамрэч, наступныя тры тамы поўнага збору мастацкіх твораў Васіля Быкава не пыляцца ў расейскай друкарні. Завяршаецца вёрстка сёмага і восьмага тамоў. Такім чынам, яны зараз на сталах укладальнікаў. І распачынаецца ўкладаньне дзявятага тома. Такім чынам, пры лепшым раскладзе, наступныя тры тамы — сёмы, восьмы і дзявяты — павінны зьявіцца яшчэ сёлета. Пазнаёміцца як зь першымі, так і з наступнымі тамамі збору твораў Васіля Быкава можна ў бібліятэках Беларусі. А таксама набыць іх у нешматлікіх, на жаль, распаўсюднікаў”.
У працяг літаратурнай тэмы яшчэ адно пытаньне:
Спадар: “Задача літаратуры — дапамагаць людзям жыць. Паэзія Вярцінскага, Барадуліна альбо Бураўкіна, альбо маладых нашых хрысьціянскіх паэтаў, напрыклад, Куставай ці Патаранскага дапамагае жыць людзям. А ці дапамагаюць нейкія задуменьні так званых постмадэрністаў людзям жыць? Адкажыце, калі ласка, мне на гэта пытаньне. Пытаньне народа. І ці ёсьць гэта культурай беларусаў?”
Адказвае літаратарка Марыя Мартысевіч:
“Аўтар пытаньня крыху адстае ад літаратурнага працэсу. Пытаньне ў тым, што прыходзяць новыя людзі і разам зь імі прыходзіць новая паэтыка. І гэтая паэтыка блізкая ўжо іншым людзям, маладзейшым людзям, якім гэтая паэзія дапамагае жыць. Што тычыцца, да прыкладу, Куставай і Патаранскага, то мне іхная паэзія жыць не дапамагае. Мне падаецца, што аўтар — ахвяра нейкага мэдыйнага канону.
Гэта значыць, што ён чуе і шануе тых аўтараў, якіх найчасьцей чуе ў эфіры, і мала цікавіцца паэзіяй як такой. У гэтым, нібыта, народным крыку — “адкажыце народу” — няма нічога народнага. На жаль, гэтае меркаваньне, яно склалася не ў народным асяродку, а ў асяродку прафэсійных літаратараў і крытыкаў. Аўтару пытаньня варта пазбавіцца стэрэатыпаў і паверыць, што ня толькі вершы, напісаныя традыцыяналістычна, што ня толькі іх можна прыкладаць да ранаў”.