Г.Арэнс: Байкот — гэта вельмі цяжкае рашэньне

  • БелаПАН

Г.Арэнс

На гэтым тыдні будзе апублікаваны першы прамежкавы адказ місіі аб парлямэнцкай выбарчай кампаніі, паведаміў на сустрэчы з журналістамі 2 верасьня ў Гомелі кіраўнік місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ў Беларусі Гірт Арэнс.
"На цяперашніх выбарах гэта мая першая паездка па рэгіёнах, — зазначыў Г.Арэнс. — Мы ўжо пабывалі ў Бабруйску, 3 верасьня выправімся ў Мазыр. Пакуль прынцыповых адрозьненьняў паміж сытуацыяй у сталіцы і рэгіёнах не заўважыў. У Мінску я ўжо тры тыдні і агульнае ўяўленьне аб стане спраў атрымаў".

Паводле слоў кіраўніка місіі, у дакладзе згадваецца ў тым ліку працэнт прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчых камісіях.

Г.Арэнс не паведаміў аб парушэньнях, зь якімі сустракаўся на этапе вылучэньня кандыдатаў і фармаваньня выбарчых камісіяў. "Да нас даходзіла шмат інфармацыі, аднак горш зрабіць адну няправільную заўвагу, чым зрабіць дзесяць заўваг, якія маюць падставы. Таму мы вельмі ўважліва вывучаем сытуацыю. Калі ёсьць скарга, чакаем афіцыйных вынікаў яе разгляду па ўсім ланцужку", — заявіў кіраўнік місіі.

Паводле слоў Г.Арэнса, ён рэгулярна сустракаецца з апазыцыйнымі дзеячамі: "1 верасьня ў мяне была сустрэча з Анатолем Лябедзькам і Аляксандрам Казуліным. Я ня маю права камэнтаваць рашэньне многіх прадстаўнікоў апазыцыі аб зьняцьці сваіх кандыдатур, мы можам толькі канстатаваць факт, што гэта адбываецца, і называць тыя прычыны, што пры гэтым абвяшчаюцца. Калі гаварыць у цэлым, то байкот — гэта вельмі цяжкае рашэньне. Я шмат часу правёў на Балканах — там было некалькі зусім непатрэбных байкотаў".