Праваабаронцы: у Беларусі ўжываюцца катаваньні

Л.Г.Пэрэс, А.Бяляцкі, В.Стэфановіч

Сёньня ў сядзібе БНФ у Менску адбылася прэзэнтацыя дакладу “Умовы ўтрыманьня пад вартай у Рэспубліцы Беларусь”, падрыхтаванага Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека (FIDH) і сябрамі незарэгістраванага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна”. Праваабаронцы цьвердзяць, што ў Беларусі ўжываюцца катаваньні.
Місія Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека наведала Беларусь у 2007 годзе. Яна сустрэлася з былымі зьняволенымі і іх роднымі, адвакатамі і праваабаронцамі. Прадстаўнікі ўладаў ад дыялёгу адмовіліся.

Нягледзячы на запыты беларускім міністэрствам, місіі не далі магчымасьці сустрэцца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў і наведаць месцы зьняволеньня. У дзень прыезду прадстаўнікоў місіі ў Менск міністэрства юстыцыі і міністэрства ўнутраных справаў адказалі, што яны чакаюць дазволу на сустрэчу з сябрамі місіі ад міністэрства замежных спраў. Прадстаўнік беларускага МЗС заявіў 31 кастрычніка 2007 года, што ведае пра візыт і што гатовы сустрэць сяброў місіі ў залежнасьці ад часу ў супрацоўнікаў міністэрства. Аднак сустрэча так і не адбылася.

Як гаворыцца ў дакладзе, місія атрымала шматлікія сьведчаньні ўжываньня катаваньняў і жорсткага абыходжаньня падчас крымінальных і адміністрацыйных расьсьледаваньняў.

Генэральны сакратар Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Люіс Гільерма Пэрэс (Калюмбія), які ўзяў удзел у прэзэнтацыі дакладу, адзначыў, што перасьлед беларускай апазыцыі мае гвалтоўны характар:

“Што тычыцца ўмоваў утрыманьня затрыманых і асуджаных, у Беларусі не гарантуецца нармальнае, чалавечае стаўленьне да зьняволеных. Усяляк парушаюцца правы чалавека. Людзі зазнаюць ціск з боку ўладаў, і мы лічым гэта грубым парушэньнем тых абавязаньняў, якія ўзяла на сябе дзейная ўлада”.

Спадар Пэрэс ухваліў вызваленьне палітзьняволеных у Беларусі. Аднак ён зьвярнуў увагу на іншыя аспэкты парушэньня правоў чалавека. Ён спадзяецца зрабіць разам з уладамі і апазыцыяй усё магчымае, каб Пакт аб правах чалавека, які выключае катаваньні, быў рэалізаваны ў Беларусі:

“У нашым дакладзе разам з найважнейшымі арганізацыямі ААН і Рады Эўропы было выяўлена, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека і што кантраст паміж тым, што напісана ў канстытуцыі і што адбываецца насамрэч, вялізарны. Мы будзем патрабаваць ад беларускага ўраду расьсьледаваньня зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Мы выказваем падтрымку сем’ям зьніклых. Мы да канца будзем з вамі ў расьсьледаваньні гэтых злачынстваў. Мы хочам даць зразумець уладам, што гэтае злачынства не адносіцца да мінулага, пакуль ня будуць знойдзены зьніклыя альбо іх целы. Бязьдзеяньне ўладаў сьведчыць пра тое, што ёсьць група людзей, якія ў гэтым замяшаныя”.

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі адзначыў, што ў беларускім заканадаўстве няма вызначэньня катаваньняў, і адпаведна яны не караюцца:

“Зьява рэальна існуе. Прычым на розных этапах зьняволеньня. Умовы ўтрыманьня не адпавядаюць ніякім міжнародным канвэнцыям, нават мінімальным стандартам утрыманьня зьняволеных. Гэтая сыстэма будуецца яшчэ на той сталінскай структуры пакараньняў, якая запушчана ў 20—30-я гады. Яна трохі мадэрнізавалася, яе крыху падмазалі, падчысьцілі”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што факты катаваньняў сабраныя пераважна ў актывістаў апазыцыі.

“Праблема катаваньняў у Беларусі мае вялікі лятэнтны характар. Тое, што мы ведаем, гэта на падставе сьведчаньняў грамадзка-палітычных актывістаў, якіх затрымліваюць. Гэта, як правіла, зьбіцьцё пасьля затрыманьня, падчас транспартаваньня ў РУУС. Калі мы кажам, што затрыманы палітычныя актывісты, калі іх зьбіваюць, то напэўна ж ставіцца мэта іх запалохваньня, каб яны больш ня бралі ўдзелу у нейкіх масавых мерапрыемствах”.

У дакладзе дадзены шэраг рэкамэндацыяў беларускім уладам, а таксама міжнародным структурам.