Першы сакратар Менскага абкаму Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Абразоўскі заявіў “Свабодзе”, што мусіць працягваць удзел у выбарах як давераная асоба некалькіх кандыдатаў ПКБ.
А вось што кажа камуніст Абразоўскі пра рашэньне Аб’яднаных дэмакратычных сілаў наконт далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
“Я маю наконт гэтага асабістыя погляды. Выбары ўжо ня могуць лічыцца справядлівымі, бо ўлады, якія выкарыстоўваюць паўнамоцтвы, дадзеныя ім народам, гэты ж народ прыніжаюць. Ці ж можна дамаўляцца зь імі?! Частка людзей ужо адсечаная ад удзелу ў выбарах, іншую адлучаць неўзабаве. Ва ўлады толькі адзін прынцып: падзяляй і ўладар”.
Сяргею Абразоўскаму — 49 гадоў. Ён скончыў Менскі палітэхнікум, а пасьля — Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў на прадпрыемствах у Пухавіцкім раёне і ў Менску. Жанаты, мае двух сыноў. Узначальвае ініцыятыўную групу, якая выступае супраць будаўніцтва ў пасёлку Дружным Пухавіцкага раёну хімічнага заводу прыватнай кампаніі “Август-Бел”.