Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Для апазыцыі стварылі пастку”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 1 верасьня, панядзелак.


У школьнікаў Беларусі распачаўся новы навучальны год. З гэтай нагоды выказваньне слухачкі “Свабоды”:

Спадарыня: “Я вас віншую зь першым верасьня. Гэта радасьць для бацькоў, дзядуляў, бабуляў. Але хто гэта неразумны прыдумаў увесьці кітайскую мову ў Беларусі? Туды ніхто не паедзе жыць. Мова ў іх цяжкая, і гэта вельмі неразумна. Ангельскую мову, нямецкую, гішпанскую і чэскую ды іншыя заходнія мовы можна. А кітайскую — не”.

Выказваньне камэнтуе старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

“Адна з самых цяжкіх моў у сьвеце — гэта расейская мова. Лічу, што трэба ўвесьці яшчэ і японскую. Бо гэта мовы сусьветных цывілізацый. І я б увёў арабскую, японскую і кітайскую, хаця б у адной-дзьвюх школах, каб мець спэцыялістаў. І тое, што ўвялі кітайскую мову, тым больш у беларускамоўнай гімназіі, я цалкам падтрымліваю і лічу, што гэта нармалёва”.

“Калі паставіць празрыстыя аднаразовыя скрыні для галасаваньня, то рэальна зрабіць падлік галасоў — гэта асноўнае патрабаваньне. Няма гэтых умоў — няма выбараў” — СМС такога зьместу даслаў наш чытач Уладзіслаў. У працяг тэмы наступныя тэлефанаваньні:

Сталы спадар: “Па беларускай тэлепраграме вядучы вёў гутарку з адказным сакратаром выбарчай камісіі. Божа мой! Гэта трэба вам паслухаць. Ён кажа: “Так, у нас стала лепш. Калі мы раней былі на 50% неляяльныя (паслухайце, што за слова!) да нашых кандыдатаў у дэпутаты, то цяпер гэтая неляяльнасьць зьнізілася да 20%”. Вось як! Не закон дзейнічаў, а ляяльнасьць. Жах, што кажуць па тэлебачаньні! Пасаромеліся б ужо! Ёсьць жа закон!”

Спадарыня: “Слухала выступ Юрыя Дракахруста, які сказаў, што выбары цяпер будуць больш ляяльныя, больш свабодныя, бо прайшло больш апазыцыянэраў у кандыдаты. Але ж ён не сказаў, што гэта зроблена толькі для Эўропы, толькі для Эўразьвязу, каб яны прызналі тую “палатку”. А для апазыцыі ўжо даўно створаная пастка. Усіх вэртыкальшчыкаў ужо даўно папярэдзілі, каб ніводзін апазыцыянэр не прайшоў. А фальсыфікаваць выбары больш ніхто так, як яны, ня ўмее. Яны ўжо даўно пратаколы рыхтуюць для сваіх”.

Спадар: “Усе мінулыя гады апазыцыя ўдзельнічала ў выбарах і не баялася, што яны недэмакратычныя, бо ў выпадку неабраньня ў іх была падстава сказаць Захаду, што “нас абралі, але дрэнна падлічылі”. Цяпер жа, калі ўлады сказалі, што правядуць выбары па самых высокіх дэмакратычных мерках, апазыцыя спужалася, што ў выпадку яе неабраньня ня будзе каго абвінавачваць. Яны ў гэтым выпадку страцяць аўтарытэт на Захадзе і пазбавяцца дармовых паездак на Захад і спонсарскай дапамогі. Таму і загаварылі пра байкот”.

Выказваньне камэнтуе старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін:

“Сёньня ў байкоце ўдзельнічаюць “Хартыя-97” і Малады Фронт. Усе астатнія арганізацыі, якія ўваходзяць у аб'яднаныя дэмакратычныя сілы, ўдзельнічаюць у выбарах. Яны вылучылі кандыдатаў у дэпутаты, мы вылучылі прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Але сёньня стаіць пытаньне, ці варта далей удзельнічаць у выбарах. Бо тое, што казаў слухач, нібыта ўлада правядзе дэмакратычныя выбары, не пацьвярджаецца ніводным фактам”.

Працягваем праграму. Прызнаньне Расеяй незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, а таксама іншыя тэмы — у далейшых тэлефанаваньнях.

Спадар: “Па “Радио России” на поўным сур’ёзе ішла гаворка пра далучэньне да гэтага так званага саюзу Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. У сувязі з гэтым хачу сказаць, што наступнай мішэньню пасьля Грузіі, па ўсёй верагоднасьці, будзе Ўкраіна. Гэты арэшак для Расеі будзе нашмат мацнейшы, а можа і наагул не па зубах”.

Спадарыня: “Я сёньня даведалася, што ўжо сьвяткуюцца “Дажынкі”. А якія могуць быць “Дажынкі,” калі на полі яшчэ ляжыць авёс? Яшчэ стаіць жыта і ячмень. Гэтыя “Дажынкі” — толькі каб пагуляць, але чаму б спачатку не папрацаваць?!”

Спадарыня: “Спадар беларускі прэзыдэнт спрабуе сядзець на двух крэслах. Нязручна, ды, думае, неяк пратрымаецца ў часе. Не, так не надоўга. Яму трэба сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй і разам ратаваць нашу Беларусь ад магчымай эканамічнай крызы, ад расейскіх пацалункаў, ад бездухоўнасьці”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG