Пасьля расейскай вайсковай інтэрвэнцыі ў Грузію на Расею абрынуўся шквал крытыкі з краін-членаў Эўразьвязу. Крытыка яшчэ памацнела пасьля прызнаньня Масквою незалежнасьці двух сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі – Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Ці Эўразьвяз у змозе прыняць нейкія больш строгія меры ў адносінах да Расеі?
1 верасьня лідэры Эўразьвязу зьбіраюцца на надзвычайны саміт у Брусэлі, каб выпрацаваць супольнае становішча наконт Расеі. Ці можна спадзявацца нейкіх санкцый супроць Масквы?
Агульна кажучы, наўрад ці. Учора міністар замежных справаў Францыі Бэрнар Кушнэр намякнуў, што некаторыя краіны Эўраўьвязу разглядаюць такія санкцыі. Кушнэр дадаў, што Францыя, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, хацела б, каб саміт прыняў “моцную” заяву адносна Расеі.
На “моцнай” альбо “вельмі моцнай” заяве ўсё можа і скончыцца. Экспэрты сьцьвярджаюць, што ніякія эканамічныя санкцыі не бяруцца ў разьлік, таму што яны, хутчэй за ўсё, могуць у канчатковым выніку абярнуцца супроць самой Эўропы.
У крайнім выпадку, Эўразьвяз можа зрабіць палітычны жэст і прыпыніць перамовы з Расеяй пра новую дамову аб партнэрстве і супрацоўніцтве. Гэтым аднак, як лічыць Лаза Кэкіч, экспэрт брытанскага тыднёвіка “The Economist”, Маскву не засмуціш:
Я не магу сабе ўявіць, што... могуць быць уведзены нейкія гандлёвыя санкцыі
Кэкіч таксама зьвяртае ўвагу, што Эўропа ня толькі імпартуе расейскі газ і нафту, але і экспартуе значныя колькасьці тавараў на расейскі рынак ды робіць значныя інвэстыцыі ў Расеі. У прыватнасьці, Расея цяпер вельмі прывабная для Эўропы і Захаду наагул як найбольш дынамічны рынак збыту аўтамабіляў.
Расейскі эканамічны экспэрт Дзьмітрый Травін кажа, што назіраецца адплыў заходняга капіталу з рынку каштоўных папераў у Расеі. Але Травін лічыць, што гэта ня мае вялікага значэньня для агульнай эканамічнай сытуацыі ў Расеі:
Я ня думаю, што Пуцін гэтым сур’ёзна заклапочаны
Карацей, нават калі краіны “новай Эўропы” — члены Эўразьвязу з былога сацлягеру — і дамогуцца нейкіх вастрэйшых фармулёвак у выніковым дакумэнце саміту, гэта можа паўплываць усяго толькі на стыль палітычнай рыторыкі Масквы адносна Эўразьвязу, але не на зьмену яе паводзінаў.