“Сёньня сусьветную супольнасьць павінна хваляваць ня тое, хто прызнае, а хто не. А тое, каб захавалася Грузія. Грузія стала закладніцай вельмі сур’ёзных супярэчнасьцяў двух гігантаў — Амэрыкі і Расеі. Я баюся, каб гэтае процістаяньне не прывяло да таго, каб з мапы сьвету ня зьнікла краіна, якую называюць Грузія. Вось гэта мяне вельмі балюча б’е. І ўжо ўцёкі з Абхазіі і Асэтыі, пакідае гэтыя рэспублікі грузінскае насельніцтва. І гэта самае трагічнае”.
Спадар Думбадзэ лічыць, што нельга апраўдаць ваенныя дзеяньні на тэрыторыі Грузіі.
“Кропля пралітай чалавечай крыві, дзе б гэта ні было, для мяне гэта трагедыя. І я ніколі не магу гэта апраўдаць, з чыйго б боку гэта ні было. А тое, што Расея прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, для мяне як грузіна гэта крыўдна. Я заўсёды жыў з тым, што Паўднёвая Асэтыя і Абхазія ўваходзілі ў Грузію.
Як сябе будзе паводзіць Беларусь, цяжка меркаваць, бо для яе Расея — стратэгічны партнэр. Але калі ў Маскве некалькі год таму ішла чыстка грузінскага насельніцтва і Расея заклікала Беларусь увесьці візавы рэжым, то гэтага не адбылося”.