Намесьнік генэральнага дырэктара Генэральнага дырэктарату па зьнешніх сувязях Эўракамісіі Х'юга Мінгарэлі 29 жніўня прыбывае ў Менск з двухдзённым візытам
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Эўракамісіі, у рамках візыту заплянаваныя сустрэчы Х.Мінгарэлі з міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі і БДІПЧ АБСЭ.
"Гэты візыт праходзіць пасьля вызваленьня ў перыяд з 16 па 20 жніўня апошніх палітычных зьняволеных Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма і Сяржука Парсюкевіча", — зазначаецца ў паведамленьні.
Як падкрэсьлівае прэсавая служба, вызваленьне палітвязьняў "разам з наступнымі крокамі ў кірунку павагі дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права, пацьвердзіць пазытыўны імпульс і дазволіць паступова аднавіць дыялёг паміж ЕЗ і Беларусьсю".
Нагадаем, што на мінулым тыдні Менск наведаў памочнік намесьніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Дэвід Мэркель. Дыплямат сустрэўся з прадстаўнікамі ўладаў, дэмакратычных партыяў, грамадзянскай супольнасьці і былымі палітвязьнямі.