Рада БНР выказала падтрымку Грузіі

15 жніўня Рада БНР распаўсюдзіла заяву, у якой выказала спачуваньне Грузіі і асудзіла “бязьлітасную агрэсію” Масквы.
ЗАЯВА РАДЫ БНР
у сувязі з расейскай агрэсіяй супраць грузінскай дзяржавы

Рада БНР выказвае гэтым сваю падтрымку і сваё глыбокае спачуваньне грузінскаму народу, які стаўся чарговай ахвярай расейскага імпэрыялізму постсавецкага пэрыяду.

Намагаючыся прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да апошніх намаганьняў Масквы ўзмацніць свой кантроль над сваімі былымі васаламі, Грузія сталася ахвярай бязьлітаснай агрэсіі Масквы. Гэта яшчэ раз паказала праўдзівы твар імпэрыі, якая застаецца найбольшай пагрозай для ўсіх некалі паняволеных, а цяпер сувэрэнных суседніх дзяржаваў.

Рада БНР заклікае дэмакратычны сьвет выказаць сваю падтрымку Грузіі, даючы адначасна зразумець Маскве, што яе агрэсіўная палітыка ў дачыненьні да суседніх дзяржаваў ёсьць непрымальнай для ўсясьветнай супольнасьці народаў.