Газэта магілёўскага гарвыканкаму “Весьнік Магілёва” сёньня зьмясьціла на першай старонцы зварот ініцыятыўнай групы з дваццаці чатырох чалавек, якія выступаюць з асуджэньнем “вераломнай агрэсіі рэжыму прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі ў дачыненьні да народу Паўднёвай Асэтыі”.
У звароце, зьмешчаным у рубрыцы “Не — вайне”, у прыватнасьці, гаворыцца:
“Кадры, якія мы ўбачылі па расейскім тэлебачаньні, уразілі нас да глыбіні душы. Калі ўсе народы плянэты скажуць дружна “Не — вайне”, гэта дапаможа ўтаймаваць палітыкаў, якія зарваліся. Занадта вялікая цана іх неабдуманых дзеяньняў... За такія дзеяньні давядзецца адказваць перад судом гісторыі... Рукі прэч ад народу Паўднёвай Асэтыі”.
У Магілёўскім грамадзкім аб’яднаньні “Грузінская грамада “Ібэрыя” адмаўляюцца камэнтаваць публікацыю. Увесь актыў аб’яднаньня, як зазначаюць там, знаходзіцца ў Грузіі.
Паводле прадстаўніка аб’яднаньня, зь якім удалося пагутарыць карэспандэнту “Свабоды”, тэлесюжэты, якія паказвае расейскае тэлебачаньне пра канфлікт, неаб’ектыўныя: “Мы глядзім іншыя каналы і верым таму, што кажуць грузіны з Грузіі”, — зазначыў прадстаўнік аб’яднаньня “Ібэрыя”.