Сёньня на Алімпійскіх гульнях у Пэкіне разыграна 13 камплектаў узнагарод. Па-ранейшаму па колькасьці мэдалёў на першым месцы гаспадары Алімпіяды. 9 прадстаўнікоў гэтай краіны ўжо ўзыходзілі на найвышэйшую ступень п’едэсталу гонару.
Сёньняшні дзень не падараваў алімпійцам Беларусі вялікіх посьпехаў. У актыў можна залічыць перамогу баскетбалістак над латышкамі — 80:57. А таксама выхад у паўфінал спаборніцтваў двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі ў веславаньні Кацярыны Карстэн і чацьверкі аднавёсельнікаў.
Спынілі свой удзел у гульнях пасьля паразаў: дзюдаіст Канстанцін Сямёнаў, бадмінтаністка Вольга Конан, тэнісісты Вольга Гаварцова і Максім Мірны. Дзьвюм Вольгам можна толькі паспачуваць. 18-гадовая Конан пасьля дзьвюх перамог натрапіла на кітаянку Се Сінфан — лідэра ўсясьветнага рэйтынгу. А Вольга Гаварцова прайграла пятай ракетцы сьвету Сырыне Ўільямз. Дарэчы, амэрыканка пасьля гэтай гульні, якую перарваў дождж, скардзілася: з-за надвор’я не пасьпела пахадзіць па крамах.
Такім чынам, у скарбонцы беларусаў па-ранейшаму пакуль што толькі бронзавы мэдаль 26-гадовай штангісткі Настасьсі Новікавай. У розных беларускіх мэдыях дзяўчыну чамусьці прапісалі ў Жодзіне, Пінску і Віцебску. Чаму так атрымалася?
Дырэктар дзіцячай спартовай школы ў Пінску, дзе Насьця пачынала свой шлях, Рыгор Петранкоў распавядае пра яе сям'ю:
“Маці жыве ў Пінску. Працуе ў лякарні. У яе яшчэ чатыры браты. Вельмі вялікая сям'я”.
Пачынала займацца штангай Насьця ў Пінску. А потым пераехала ў Віцебск.
Сакрэт майстэрства Настасьсі Новікавай Рыгор Петранкоў тлумачыць так:
“За кошт сваёй настойлівасьці, упартасьці, працавітасьці. Яна паставіла сабе мэту і ішла да яе. Яна была такой своеасаблівай дзяўчынкай, настойлівай. І вось праца, праца і яшчэ раз праца і дала ёй такі вынік”.
Дырэктар спартовай школы згадвае ўладальніцу алімпійскага мэдаля яшчэ дзяўчынкай:
“З 12 гадоў яна ўжо займалася штангай. У 14 — выканала норму майстра спорту. Аднак гэты тытул ёй не прысвойвалі, бо была занадта маладая. Нельга было яшчэ прысвоіць.
У яе талент ад Бога. Яна яшчэ ў школе любому хлопчыку магла руку “перакруціць”.
Сяброўка Настасьсі — Ірына, якая жыве ў Пінску, радуецца:
“У нас людзі-працаўнікі. Усе працуюць і працуюць. Вядома, усе ўзрадаваныя. Ля тэлевізара ўсе сядзелі, падтрымлівалі, перажывалі...”