Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіяда-2008: Кітай супраць астатняга сьвету?


Cёньня афіцыйна дадзены старт ХХІХ Алімпійскім гульням у Пэкіне.

Шмат хто называе сёлетнія спаборніцтвы “кітайскай алімпіядай”, у якой канкурэнтам спартоўцам з КНР вызначанае сьціплае месца. Тым не меней кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі разьлічвае на самы пасьпяховы выступ сваёй каманды ў гісторыі. Прэзыдэнт НАК Аляксандар Лукашэнка асабіста cкіраваў беларускіх атлетаў на подзьвігі, раздаўшы дзяржаўныя ўзнагароды.

На пэкінскім стадыёне “Птушынае гняздо” ў прысутнасьці першых асобаў мноства краін сьвету — манархаў, прэзыдэнтаў — адбылося ўрачыстае адкрыцьцё ХХІХ Алімпійскіх гульняў. У суправаджэньні малодшага сына Мікалая за цырымоніяй назіраў і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Уладзімер Парфяновіч
Трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч заўважае, што прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі ўпершыню бярэ ўдзел у летняй Алімпіядзе. І то — праз шчасьлівае геапалітычнае супадзеньне:

“Упершыню на летніх Алімпійскіх гульнях фактычна кіраўніком дэлегацыі стаў прэзыдэнт НАК Аляксандар Лукашэнка. Ну, нават калі не кіраўніком, то ганарова запрошаным. Але толькі таму, што ў Кітай, адрозна ад многіх краін, ён уяжджаць можа”.

У алімпійскую вёску беларускай каманды Лукашэнка прыехаў не з пустымі рукамі. У адной быў малодшы сын, у другой — узнагароды вясьляркам: Кацярына Карстэн атрымала ордэн Айчыны І ступені, Юлія Бічэк і Натальля Гелах — ордэны Айчыны ІІІ ступені. Цяпер ад іх чакаюць адпаведнай аддачы.

Цікавасьць да пэкінскай Алімпіяды надзвычай высокая. Многія экспэрты прагназуюць, што кітайцы нічога не пакінуць ад супернікаў. Такой думкі трымаецца і трэнэр зборнай СССР на трох Алімпіядах запар у 1960—70-х гадох Рэнальд Кныш, настаўнік славутай гімнасткі Вольгі Корбут:
Што тычыцца беларускай каманды, то ў гімнастыцы толькі Касьпяровіч у апорным скачку штосьці можа паказаць. Ну, Іван Ціхан, Карстэн, штангіст Рыбакоў. То бок 3—4 чалавекі, якія могуць прэтэндаваць на золата.


“Кітайцы будуць фаварытамі безумоўнымі. Амэрыканцы, расейцы, можа, яшчэ вызначацца. Але што агульная перамога будзе за кітайцамі, я ў гэтым не сумняюся. Мала таго: як мне падаецца, пасьля гэтай Алімпіяды кітайцы потым будуць выйграваць усе астатнія гульні. Барацьба стане зусім іншай. І калі раней Расея, Амэрыка, трохі Нямеччына, Брытанія, Аўстралія яшчэ ўмешваліся ў падзел мэдалёў, то цяпер Кітай будзе ўсюды па-за конкурсам. Што тычыцца беларускай каманды, то ў гімнастыцы толькі Касьпяровіч у апорным скачку штосьці можа паказаць. Ну, Іван Ціхан, Карстэн, штангіст Рыбакоў. То бок 3—4 чалавекі, якія могуць прэтэндаваць на золата. А прызэры, мне падаецца, — тая драбяза, пра якую асабліва і думаць няма чаго. Бо нават другое месца — гэта ўжо пройгрыш”.

Палярна іншай думкі трымаецца алімпійскі чэмпіён у кіданьні молата Рамуальд Клім. Ён не хавае раздражненьня ад таго, што спэцыялісты датэрмінова аддаюць пальму першынства гаспадарам Алімпіяды:

“Што гэта за размовы? Чаму гэта іншым месцаў не застанецца, хто вам сказаў? Гэта вы так думаеце, прабачце, што так кажу. Значыць, спэцыялісты зусім ніякія, калі так мяркуюць. І ў Амэрыкі будуць мэдалі, і ў Расеі, і ў нас будуць узнагароды. Што вы такое кажаце, што ўсё кітайцы забяруць?”

Карэспандэнт: “А вы за каго будзеце перажываць?”

“Ну а за каго ж я мушу перажываць? Не за кітайцаў жа...”

Адзін з самых вядомых баскетбалістаў, генэральны дырэктар клюбу “Мінск-2006” Канстанцін Шаравера сэнсацыяй Алімпіяды ўжо лічыць тое, што ў Пэкін трапіла жаночая зборная Беларусі па баскетболе. І спадзяецца, што размовы пра татальную “кітаізацыю” будуць беспадстаўнымі:

“Вы ведаеце, за савецкім часам таксама была магутная прапаганда: маўляў, самае-самае лепшае было ў нас. Што толькі ў нашай краіне мы вольна дыхаем, тут мы ўсе свабодныя і непераможныя. Дакладна гэтаксама і ў выпадку з Кітаем. Там жа вялізнае поле дзейнасьці, уключна з той жа палітыкай. Таму я лічу, што мае месца перабольшваньне здольнасьцяў кітайцаў. Месца пад сонцам усім хопіць”.

У шэрагу мэдалёвых для беларусаў дысцыплінаў перадусім называюць штурханьне ядра і кіданьне молату, веславаньне, вэляспорт і цяжкую атлетыку. Аднак, на думку тэнісісткі Вольгі Барабаншчыкавай, якая ў 2000 годзе ў пары з Натальляй Зьверавай прабілася ў паўфінал Алімпіяды, сёлета шанцы ў беларускіх тэнісістак вельмі высокія. Адрозна ад мужчынаў:

“Трэба спадзявацца на лепшае. Шкада, што ў нас ня склалася пара Мірны — Ваўчкоў. Думаю, у пары было б больш шанцаў. А сярод жанчын могуць вельмі нават нядрэнна выступіць нашы дзьве пары, а таксама “адзіночка” — Азаранка. Ведаю, што Гаварцова супраць Уільямс гуляе першае кола, такое вось лёсаваньне. Але ў тэнісе ў нас якраз склад у гэтым годзе як ніколі”.

На традыцыйнае пытаньне пра нязручнасьць кітайскіх спартоўцаў Вольга Барабаншчыкава дала такі адказ:
Не хачу сказаць, што Алімпіяда будзе цалкам кітайскай, але думаю — у прынцыпе, у іх будзе вельмі шмат узнагародаў.


“Магу сказаць па тэнісе і па некаторых іншых відах спорту, якія назірала, што кітайцы заўсёды вельмі нязручныя супернікі. Яны як запраграмаваныя робаты. Думаю, што яны шмат у якіх дысцыплінах менавіта такія. Не хачу сказаць, што Алімпіяда будзе цалкам кітайскай, але думаю — у прынцыпе, у іх будзе вельмі шмат узнагародаў”.

Асьвятляць Алімпіяду ў Пэкіне будуць дзяржаўныя выданьні і тэлеканалы Беларусі. Дэсанту афіцыйнай прэсы папярэднічаў скандал з пазбаўленьнем акрэдытацыі самай папулярнай спартовай газэты “Прессбол”. На нарадзе НАК функцыянэры прышлі да высновы, што сваімі публікацыямі газэта дыскрэдытуе алімпійскі рух і ня вартая адказнай камандзіроўкі. Больш за сто славутых атлетаў падпісаліся пад зваротам, каб вярнуць акрэдытацыю “Прессболу”, аднак вызваленыя месцы падзялілі паміж дзяржаўнымі СМІ. Алімпійскі чэмпіён у вэляспорце Ўладзімер Камінскі перакананы: без удзелу вышэйшай асобы ў краіне і НАК рашэньне не прымалася.

“І вы разумееце, чаму так адбылося, і я разумею, чаму. Але ж нешта публічна агучваць?.. Ніякіх фактаў няма, а ёсьць толькі заява НАК. У “Прессбола” заставаліся варыянты — падаць пазоў, пачаць судовую справу, даказваць штосьці праз лінгвістычную экспэртызу — былі там абразы НАК і адмоўная прапаганда НАК ці не было ніякіх абразаў. Але ў кожным разе, як мне падаецца, гэта пройгрышны варыянт. Грамадзкая арганізацыя рашэньне прыняла, і я так мяркую, што гэтае рашэньне было ўзгодненае з прэзыдэнтам НАК — рашэньне аб адмове. Я так мяркую. Можа нават у Беражкова (рэдактар “Прессбола” — РС) наконт гэтага іншае меркаваньне. Але маё перакананьне тое, што я агучыў”.

Між тым “Прессбол” знайшоў магчымасьць атрымліваць інфармацыю ад карэспандэнтаў наўпрост з кітайскай сталіцы і першым пачаў інфармаваць сваіх чытачоў пра падзеі на алімпійскіх арэнах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG