Украіна настойвае на ўвядзеньні ў Паўднёвую Асэтыю міжнароднага міратворчага кантынгенту. Пра гэта заявіў у Тбілісі ўкраінскі міністар замежных спраў Уладзімер Агрызка.
Раней спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Ўкраіны Канстанцін Елісееў паведаміў, што Кіеў гатовы даць Грузіі гуманітарную і палітычную дапамогу. Ён заявіў, што Ўкраіна пакуль што не плянуе аказваць Грузіі вайсковай дапамогі, але дадаў, што Кіеў будзе сачыць за тым, як будуць разьвівацца падзеі.
10 жніўня Міністэрства замежных спраў Украіны выступіла з заявай, у якой перасьцерагла Расею супраць магчымага ўдзелу караблёў Чарнаморскага флёту ў канфлікце вакол Паўднёвай Асэтыі. Як гаворыцца ў заяве, украінскі бок пакідае за сабой права забараніць вяртаньне на тэрыторыю Ўкраіны да разьвязаньня канфлікту караблёў, якія могуць ўзяць удзел у баявых дзеяньнях.
У камэнтары расейскага МЗС гаворыцца, што тон і зьмест заявы выклікаюць зьдзіўленьне.