Сёньня ў другой палове дня ў Менск з Бону прыляцеў нямецкі дыплямат Герт-Генрых Арэнс. Ён з’яўляецца кіраўніком місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, якая будзе назіраць за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі.
Амбасадар Арэнс ужо мае досьвед працы ў Беларусі. Менавіта ён ачольваў місію назіральнікаў БДІПЧ, якія працавалі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2006 годзе. Тады місія прыйшла да высновы, што выбары не адпавядалі стандартам АБСЭ.
Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына некалькі дзён таму сказала “Свабодзе”, што яна сустрэнецца са спадаром Арэнсам як са старым знаёмым:
“Я ўзрадавалася гэтаму рашэньню. Мне спадар Арэнс сымпатычны. Ён — разумны, інтэлігентны і шчыры чалавек. Нягледзячы на тое, што ён не дае мне спуску (з пункту гледжаньня тых заключэньняў, якія ён пасьля выдае), працаваць зь ім вельмі прыемна.
Ну, і потым заўжды лягчэй працаваць з чалавекам, зь якім можна размаўляць наўпрост, безь перакладчыкаў. Ён вельмі добра гаворыць па-расейску і разумее нюансы”.
Ужо ў панядзелак амбасадар Арэнс плянуе сустрэцца з кіраўніцтвам ЦВК.