Хаду грузінска-асэтынскай вайны, яе прычыны і пазыцыі замежных краінаў камэнтуе дырэктар грузінскай службы радыё Свабода Давід Какабадзэ.
Дракахруст: "Давід, чаму перастрэлкі паміж грузінскімі і асэтынскімі сіламі, якія ішлі некалькі апошніх дзён, перарасьлі ў вайну? Яшчэ ўчора прэзыдэнт Саакашвілі абвясьціў аб аднабаковым спыненьні агню, а сёньня ўжо пачаліся паўнамаштабныя баявыя дзеяньні, прычым, паводле заяваў грузінскага боку, ён настроены на вайну да поўнай перамогі. Чаму?"
Какабадзэ: "Тое, што заявіў прэзыдэнт Саакашвілі ўчора – гэта была апошняя спроба ўлагодзіць усё мірным шляхам. Гэта была апошняя прапанова асэтынам сесьці за стол перамоваў. Ён паслаў свайго прадстаўніка, дзяржаўнага міністра рэінтэграцыі Тымура Якабашвілі ў Цхінвалі. Але яму адмовілі ў сустрэчы з асэтынскімі лідэрамі, ён сустракаўся толькі з камандучым міратворчымі сіламі ў рэгіёне. І пасьля заявы Саакашвілі аб аднабаковым спыненьні агню адбыліся гарматныя абстрэлы грузінскіх вёсак, там загінуў грузінскі міратворац. І гэта стала іскрай, якая распаліла вайну".
Дракахруст: "Грузінскія лідэры раней заяўлялі, што выступаюць за мірнае вырашэньне канфлікту. Чаму ў дадзеным выпадку размова ідзе не пра спробу проста адкінуць асэтынскія сілы ад мяжы, а пра фактычна ліквідацыю сэпаратысцкага рэжыму?"
Какабадзэ: "Відаць, грузінскі бок палічыў, што ня можа больш цярпець тыя інцыдэнты, якія ўвесь час адбываліся на тэрыторыі Паўдзённай Асэтыі. Мне здаецца, што Грузія дала ўцягнуць сябе ў гульню, якая на руку Расеі. Мне здаецца, што гэта была вялікая памылка. Хаця магчыма, рана казаць пра канчатковыя высновы".
Дракахруст: "Якая імавернасьць таго, што Расея сваімі рэгулярнымі, а не міратворчымі сіламі ўступіць у гэты канфлікт на баку Асэтыі?"
Какабадзэ: "Ужо паступаюць паведамленьні пра бомбавыя ўдары расейскай авіяцыі, і ня толькі па тэрыторыі Паўднёвай Асэтыі, некалькі бомб яны скінулі ў Горы, паводле нашага карэспандэнта, які знаходзіцца там. Зараз зьявілася паведамленьне, што два самалёты расейскіх ВПС былі зьбітыя".
Дракахруст: "А якія прагнозы ваенных экспэртаў? Наколькі імаверна, што Тбілісі возьме пад свой кантроль Паўднёвую Асэтыю?"
Какабадзэ: "Усё залежыць ад таго, наколькі шырока Расея будзе ўдзельнічаць у гэтай канфрантацыі. Калі Расея вырашыць ваенным спосабам вярнуць пад свой кантроль Паўднёвую Асэтыю, то ва ўсялякім выпадку ня Грузія зможа гэтаму перашкодзіць. Хаця грузінскае войска значна лепш узброенае і падрыхтаванае, чым 5 гадоў таму. Але яно, зразумела, ня зможа ваяваць на роўных з арміяй РФ."
Дракахруст: "А якая пазыцыя Эўразьвязу і ЗША? Наколькі імавернае прамое сутыкненьне ў вайне ў Асэтыі ўзброеных сіл Захаду і Расеі?"
Какабадзэ: "Тут трэба вярнуцца да Бухарэсцкага саміту НАТА, які быў у красавіку сёлета. Тое, што Грузіі і Ўкраіне было адмоўлена ў пляне дзеяньняў па далучэньні да НАТА, Расея ўспрыняла як сыгнал, што яна можа дзейнічаць у гэтым рэгіёне, ня ўлічваючы інтарэсы ня толькі Грузіі, але і Захаду. Тады ж Пуцін выдаў указ аб усталяваньні прамых сувязяў з сэпаратысцкімі рэгіёнамі Грузіі. І пайшло-паехала.
Калі б заходнія лідэры тады ўбачылі гэтую небясьпеку, далі Грузіі і Ўкраіне плян па далучэньні, паказаўшы , што яны падтрымліваюць арыентацыю Грузіі на Захад, тады б гэтага ўсяго не адбылося".
Дракахруст: "Ну, і як яны будуць дзейнічаць зараз?"
Какабадзэ: "Тыя рэакцыі, якія паступаюць – гэта звычайныя рэакцыі, заклікі сесьці за стол перамоваў, спыніць агонь і г.д. Гэта гаворыць НАТА, кіраўніцтва ЗША кажа, што гатовае разам з Расеяй зрабіць высілкі па ўрэгуляваньні канфлікту".
Дракахруст: "Давід, іншымі словамі, Вы выключаеце сілавы адказ Захаду? А наколькі магчымыя эканамічныя санкцыі адносна Расеі?"
Какабадзэ: "Так, сілавы адказ выключаю. Эканамічныя санкцыі – іншая справа, хаця цяжка зараз казаць, якімі яны могуць быць і ці могуць яны быць наагул".