Магілу Міколы Абрамчыка знайсьці цяжка. Але можна

Сябры ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» праводзяць экспэдыцыю па месцах, зьвязаных зь беларускай прысутнасьцю. Экспэдыцыя пройдзе па Францыі, Швайцарыі, паўднёвых землях Нямеччыны.
"Месца пахаваньня Абрамчыка апошнім часам лічылася згубленым. На працягу некалькіх апошніх гадоў сябры БНП праводзілі дасьледаваньне гэтай тэмы, размаўлялі зь людзьмі, якія былі знаёмыя з Прэзыдэнтам БНР і маглі ведаць месца яго пахаваньня ў Парыжы: Янкам Жучкам, Аляксеям Арэшкам, Зояй Смаршчок-Жэлязоўскай," - паведамляе ініцыятыва «Беларуская нацыянальная памяць».

З дапамогай айца Аляксандра Надсана і гісторыка Натальлі Гардзіенкі ў беларускай бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лёндане актывісты ПНП знайшлі фотаздымкі і прыкладны плян. У пошуку значную дапамогу аказаў таксама доктар Янка Запруднік з ЗША, які таксама даслаў некаторыя матэрыялы.

Большасьць здымкаў была зроблена ў 70-х гадах, а таму актывісты БНП ня мелі дакладных арыентыраў, у дадатак на магільнай пліце не было ніякай шыльды ці надпісу. Часткова зьмяніўся і сам сэктар, у якім быў пахаваны Мікола Абрамчык.

«Урэшце рэшт, гэтымі жнівеньскімі днямі атрымалася дакладна вызначыць месца спачыну Прэзыдэнта. Грамада БНП зрабіла невялікую акцыю ўшанаваньня. Прыбралі магілу, запалілі зьнічы, прачыталі малітву і прасьпявалі нацыянальныя гімны,» – паведамляе БНП.

У той жа час, як нам паведамілі прадстаўнікі Рады БНР, месца пахаваньня Абрамчыка было вядомае парыскім беларусам. Некалькі гадоў таму ў той жа самай магіле была пахаваная жонка Міколы Абрамчыка. У кастрычніку 2007 сябры Рады наведалі магілу разам з сынам Абрамчыка Альгердам. На сэсіі Рады БНР было вырашана ўсталяваць там надмагільны помнік.