Сёньня беларускія палітвязьні распаўсюдзілі заяву, у якой асуджаюць рашэньні ўчорашняга зьезду БСДП (Г) і заклікаюць да байкоту Ляўковіча .
“Мы, былыя палітзьняволеныя, выказваем свой рашучы пратэст дзеяньням Анатоля Ляўковіча і ягонай каманды, якія здрадніцкім чынам адлучылі ад кіраўніцтва партыяй палітзьняволенага Аляксандра Казуліна і ўсіх ягоных калег, якія яго падтрымлівалі і актыўна праводзілі кампанію “Свабоду Казуліну!” - гаворыцца ў заяве.
Паводле палітвязьняў, якія падпісалі заяву, “найбольш верагодным тлумачэньнем гэтых амаральных і здрадніцкіх дзеяньняў зьяўляецца змова каманды Ляўковіча з дыктатарскім рэжымам напярэдадні парлямэнцкіх выбараў”. “Пры такіх абставінах, мы не выключаем таго, што Анатоль Ляўковіч можа быць адным з “прызначаных” псэўдадэмакратаў у Палату прадстаўнікоў самім Лукашэнкам і ягоныя дзеяньні на зьездзе партыі есьць умовай такога прызначэньня”.
Аўтары заявы выказалі салідарнасьць з Аляксандрам Казуліным і заявілі аб непрызнаньні старшынства ў БСДП (Г) А. Ляўковіча, а таксама адмовіліся ад супрацы і любых хаўрусаў са спадаром Ляўковічам і ягонымі прыхільнікамі.
“Мы заклікаем нашых калегаў па дэмакратычнаму руху не прызнаваць старшынства Анатоля Ляўковіча і ягоных намесьнікаў у БСДП (Г), і аб’явіць байкот Ляўковічу і ягонай камандзе, якая прыняла і падтрымала здрадніцкія дзеяньні супраць палітзьняволенага лідэра партыі Аляксандра Казуліна”.
Заяву падпісалі Мікалай Аўтуховіч, Зьміцер Дашкевіч, Цімафей Дранчук, Зьміцер Касьпяровіч, Юры Лявонаў, Міхаіл Марыніч, Мікола Маркевіч, Павал Севярынец, Сяргей Скрабец, Мікалай Статкевіч, Артур Фінькевіч.