У Воршы рыхтуюцца да зносу помніка драўлянага дойлідзтва 19 стагодзьдзя — будынку карчмы па вуліцы Пралетарскай.
Гэта ўжо ня першая гарадзкая адметнасьць, якая сталася ахвярай падрыхтоўкі да сёлетніх “Дажынак”.
Будынак былой карчмы да апошняга часу функцыянаваў — у ім мясьціўся гарадзкі Дом рамёстваў. Каля двух месяцаў таму супрацоўнікам было загадана высяляцца.
Паводле выкладчыцы Натальлі Макаранкавай, новае памяшканьне пад установу пакуль не гатовае, таму рэчы і прылады давялося несьці проста дахаты. Спадарыня Натальля распавяла, што для гістарычнага будынку ўжо быў падрыхтаваны плян рэканструкцыі, аднак яму ўжо ня дадзена ажыцьцявіцца. На месцы старажытнай карчмы з унікальнымі разьблёнымі аканіцамі будзе пабудавана аўтастаянка для міліцэйскага транспарту службы “Ахова”.
Сёньня аканіцы былое карчмы, якія цяпер стануць хіба што экспанатамі мясцовага музэю гісторыі, ратуе аршанскі гісторык Юры Копцік.
“У Воршы чарговая гістарычная падзея: зносіцца чарговы помнік драўлянага дойлідзтва — будынак былой карчмы па вуліцы Пралетарскай, 12. Воршы ён патрэбны, але аршанскай адміністрацыі ён не патрэбны.
Такім чынам, да “Дажынак” ужо другі дзясятак помнікаў архітэктуры зносіцца. У гэтым сумным шэрагу — і прывакзальны гатэль, пабудаваны на пачатку 20 стагодзьдзя на вуліцы Дзяржынскага, і драўляны будынак прыстанцыйнай школы 1905 году, зьнесены пад будаўніцтва да “Дажынак” новага аўтавакзалу.
У сакавіку быў зьнесены цагляны будынак апошняй чвэрці 18 стагодзьдзя па вуліцы Мінскай, зьнесены практычна ўвесь комплекс драўляных пабудоў па вуліцы Савецкай. Каб, калі прыедуць госьці на «Дажынкі», тут былі толькі плітачка ды асфальт”, — абураецца спадар Копцік.
На думку аршанскага гісторыка, грошы, выдаткаваныя на тратуарную плітку ды асфальт, можна было б накіраваць на рэстаўрацыю гістарычных пабудоў. Гэтак, як зрабілі некалі пад “Дажынкі” ў Шклове, адрэстаўраваўшы будынак ратушы і рынкавую плошчу.
Зрэшты, у Воршы былі ахвотныя ўкласьці ў рэстаўрацыю тае самае карчмы ўласныя, а не дзяржаўныя грошы. Так, аршанскі прадпрымальнік Мікалай Сінякоў прапаноўваў зрабіць у ёй сучаснае прадпрыемства грамадзкага харчаваньня, мажліва, у нацыянальным стылі. Аднак мясцовыя ўлады дазволу не далі: літаральна празь некалькі дзён пасьля таго, як прадстаўнікі грамадзкасьці і аматары гісторыі зьвярнуліся да старшыні гарвыканкаму, каб усё ж захаваць архітэктурную каштоўнасьць, быў дадзены загад рыхтаваць помнік архітэктуры пад знос.