Прыйсьці ў пракуратуру – хуліганства?

Прадпрымальнік Васіль Ільніцкі з райцэнтру Гарадок пакараны штрафам памерам 6 базавых велічынь, або 210 тысяч беларускіх рублёў.
Паводле рашэньня віцебскага Кастрычніцкага райсуду ён прызнаны вінаватым у хуліганскіх паводзінах падчас прыёму ў галоўнага пракурора вобласьці 1 ліпеня.

Паводле спадара Ільніцкага, ён зьвярнуўся ў пракуратуру, каб паскардзіцца на праблемы, зьвязаныя зь ягонай прадпрымальніцкай дзейнасьцю – ужо ня першы год ён займаецца абсталяваньнем пунктаў прыдарожнага сэрвісу на аўтамагістралі Пецярбург-Адэса. Факты хуліганства ў пракуратуры ён адмаўляе, а затрыманьне, складаньне адміністрацыйнага пратаколу і сёньняшні суд лічыць мерамі запалохваньня і ўціску з боку ўладаў.

Васіль Ільніцкі вядомы ў райцэнтры Гарадок як чалавек апазыцыйных поглядаў. Цяпер ён уваходзіць у ініцыятыўную групу прадстаўніка Партыі БНФ Леаніда Аўтухова, які мае намер балятавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.