“Моладзь БНФ” нагадала пра ўгодкі Дэклярацыі аб сувэрэнітэце

Напярэдадні 18-х угодкаў прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі ў Менску адбылася моладзевая акцыя, паведамляе БелаПАН.
Дзесяць маладых людзей сабраліся апоўдні ў раёне плошчы Перамогі і прайшлі па праспэкце Незалежнасьці да будынку цырка, а потым назад да плошчы Якуба Коласа.

Па дарозе яны раздавалі мінакам значкі з “Пагоняй” і віншавальныя паштоўкі. Акцыя працягвалася каля трыццаці хвілін, цягам якіх моладзь суправаджала міліцэйская машына, але ніхто ня быў затрыманы.

Камэнтуючы вынікі акцыі, адзін зь лідэраў “Моладзі БНФ” Франак Вячорка адзначыў, што ўлады сёньня вельмі пампэзна адзначылі 155-годзьдзе пажарнай службы, але забыліся пра ўгодкі прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце.

(Фота: Юры Дзядзінкін)