Cёньня — апошні дзень прыёму дакумэнтаў на бюджэтныя аддзяленьні вышэйшых навучальных установаў. І хоць дакумэнты прымалі цягам двух тыдняў, у апошні дзень ва ўсіх прыёмных камісіях былі вялізныя чэргі: абітурыенты і іхнія бацькі мітусіліся, панікавалі, сьпяшаліся забіраць дакумэнты з адной ВНУ, каб пасьпець падаць у другую.
У галоўным корпусе Белдзяржунівэрсытэту — вялікі экран з табліцамі: колькі чалавек падалі дакумэнты, зь якімі баламі, на якія факультэты які конкурс. А ва ўнівэрсытэцкім дворыку — натоўп, чэргі, людзі мітусяцца, раяцца, тэлефануюць. Бальшыня забірае дакумэнты, хтосьці падае, нешта вылічваюць...
Гутару з Дашай, якая прыехала паступаць з Новалукомлю. У яе даволі высокія балы — больш за 300. Але нават з гэтымі баламі яна ў роспачы:
“Я ўжо падала дакумэнты, але мы зараз думаем забраць іх і падаць у іншую ВНУ, бо тут вельмі вялікая рызыка, што не паступлю”.
Даша падавала дакумэнты на спэцыяльнасьць “вэб-дызайн” гуманітарнага факультэту, куды набіраюць на бюджэтнае аддзяленьне толькі 5 чалавек. Школу яна скончыла з мэдалём, набрала ў суме 311 балаў... Але зараз сьпяшаецца пасьпець на энэргетычны факультэт тэхнічнага ўнівэрсытэту. Гаворыць бацька Дашы:
“Трэба мітусіцца ў апошні дзень. Добра, што ў нас ёсьць аўтамабіль, кампутар, інтэрнэт. А калі ў дзіцяці нічога гэтага няма? Можна адразу крыж паставіць на паступленьні”.
Юля прыехала паступаць на юрфак з Барысава, у яе таксама даволі высокія балы — каля 300, але яна таксама ня ўпэўненая, што пройдзе. Зь яе тэстамі — па матэматыцы, мове і прадмеце “Чалавек, грамадзтва, дзяржава” выбар у яе вельмі абмежаваны:
Многія абітурыенты, якія разумеюць, што ня пройдуць на спэцыяльнасьць, засталіся амаль ні з чым, бо з гэтым наборам тэстаў яны ня могуць паступаць на іншую спэцыяльнасьць
Сёлета дэкрэтам прэзыдэнта адмененыя ўсе профільныя экзамэны ў саміх вышэйшых навучальных установах, абітурыентаў набіраюць толькі па выніках цэнтралізаванага тэставаньня. Выкладчыкі ВНУ, асабліва гуманітарыі, выказваюць незадаволенасьць скасаваньнем профільнага іспыту, бо нават самае дасканалае і аб’ектыўнае тэставаньне ня можа паказаць, ці ўмее абітурыент думаць, разважаць. З гэтым пагаджаюцца і абітурыенты. Да прыкладу, Дашы з Новалукомлю для паступленьня на вэб-дызайн трэба было здаваць тэсты па мове, матэматыцы і фізыцы:
Калі выбіраць паміж тэставаньнем і творчымі экзамэнамі, я выбрала б творчыя экзамэны
Праз некалькі дзён пачнецца прыём дакумэнтаў на платныя аддзяленьні ВНУ. Прычым колькасьць платных месцаў на самыя прэстыжныя спэцыяльнасьці ўтрая большая за колькасьць бюджэтных, а плата за навучаньне — у сярэднім 2 тысячы даляраў у год. Як сказаў дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалай Фяськоў, “платных месцаў хопіць для ўсіх ахвотных”.