Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 19 ліпеня
ЛІТПРАЦЭС
АРЦЁМ КАВАЛЕЎСКІ: “НА ГЭТАЙ ЗЯМЛІ ТРЭБА ПІСАЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ”
“Аддаленасьць і адданасьць” – так назваў сваю новую кнігу малады паэт Арцём Кавалеўскі. Яна толькі што зьявілася на сьвет у выдавецтве “Галіяфы”. Ад каго ці ад чаго аддаляецца аўтар, і каму ці чаму ён адданы – высьвятляла Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Спадар Арцём, ваша першая паэтычная кніжка “Адмысловыя гульні”, выдадзеная пяць гадоў таму, зрабіла вельмі добрае ўражаньне на чытачоў цёплым лірызмам і тонкім гукапісам. І ў новай кнізе яны чакалі сустрэчы менавіта з гэтым бокам вашага паэтычнага майстэрства. Але вы ім прапануеце ня толькі адмысловыя паэтычныя гульні, але і прозу жыцьця. Чаму?”
Арцём Кавалеўскі: “Мне ў гэтай кнізе хацелася спалучыць уласна паэзію і лірычную прозу. У анатацыі да кнігі напісана, што вершы і лірычная проза не кантрастуюць, не супярэчаць паміж сабой, а як бы ўзаемадапаўняюцца. Спроба прозы, але такой вельмі пачуцьцёвай прозы, мне падалася лягічным працягам маёй паэзіі”.
Аксак: “А ці не аддаляецеся вы ад паэзіі і ці не пачынаеце выяўляць адданасьць прозе, пра што намякаеце і ў назьве новай кнігі?”
Кавалеўскі: “Думаю, што не, таму што аддаленасьць і адданасьць для мяне – гэта перш за ўсё пачуцьцёвыя катэгорыі, якія ўласьцівыя ўзаемінам мужчыны і жанчыны. І фактычна новая кніжка цалкам прысьвечаная гэтым узаемінам: складанасьці з аднаго боку і простасьці – зь іншага, як гэта і бывае ў жыцьці”.
Аксак: “Ваша пакаленьне, пакаленьне трыццацігадовых беларускіх літаратараў, – гэта людзі з унівэрсытэцкай адукацыяй, асьпірантурай і абароненымі кандыдацкімі, замежнымі стажыроўкамі і выкладчыцкай кафэдрай. Вера Бурлак, Вольга Гапеева, Віктар Жыбуль... Вы таксама выкладаеце ў БДУ, займаецеся дасьледаваньнем сур’ёзных літаратуразнаўчых праблемаў, чым разбураеце клясычны міт пра грамадзкую адрынутасьць паэта, гэткага валацугі, пагарджанага соцыюмам. Гэта сьвядомы выбар новага пакаленьня?”
Кавалеўскі: “Гэта вельмі здорава, што сёньня паэт мае дачыненьні з усясьветнай літаратурай, можа езьдзіць у іншыя краіны і пачувацца вельмі лёгка ў эўрапейскім кантэксьце. Мне давялося пражыць і правучыцца цэлы год у Кракаве, у Ягелонскім унівэрсытэце, і я магу сказаць, што мы, беларусы, сваёй творчасьцю досыць цікавыя нашым суседзям палякам. Яны цяпер у Эўрапейскім зьвязе і, можа, больш пачуваюцца эўрапейцамі, але сучасная беларуская літаратура вельмі адэкватна ўспрымае сябе ў іхным эўрапейскім кантэксьце”.
Аксак: “Новае пакаленьне беларускіх літаратараў – гэта, у адрозьненьне ад папярэднікаў, дзеці вялікіх зрусыфікаваных гарадоў. Ды і час вашага сталеньня прыпаў на вірлівую калатнечу найноўшай айчыннай гісторыі, у якім беларускаму слову – грош цана. Чаму ж ідуць маладыя прагматычныя інтэлектуалы ў беларускія паэты?”
Кавалеўскі: “Як і звычайнае савецкае дзіця, я пачаў знаёміцца зь беларускай мовай і вывучаць яе ў трэцяй клясе агульнаадукацыйнай школы. Адразу мне гэта было цікава, адразу я адчуў, што гэта нешта натуральнае, хаця натуральнае звонку. Будучы ўжо падлеткам, меў, канечне, унутраны выбар – на якой мове пісаць, бо я тады пісаў і па-расейску, хаця пачынаў пісаць па-беларуску сьвядома. Потым быў пераход на расейскую, потым, ведаючы польскую мову (я вучыўся ў польскамоўнай гімназіі), я пісаў яшчэ і па-польску. Такая клясычная беларуская сытуацыя выкарыстаньня моваў нашых вялікіх суседзяў. Але ўсё ж сьвядома я прыйшоў да той думкі ці то сэрцам, ці то галавою, цяпер ужо цяжка сказаць, што на гэтай зямлі трэба ствараць на беларускай мове. Бо яна ёсьць, яна не памерла і не памрэ – я ў гэтым упэўнены. Таму гэта быў мой сьвядомы выбар. Няхай беларускамоўная паэзія будзе цікавая нейкім дзесяці адсоткам людзей, але ім яна цікавая і – дзякуй Богу! Значыць, будзем працаваць для іх. Сваёй творчасьцю я не імкнуся зьмяніць сьветапогляд чалавека ці паўплываць на яго. Паэзія – гэта перш за ўсё мастацтва. Я заўсёды кажу так: не чалавек для мовы, а мова для чалавека. І калі яна мне цікавая, гэтая мова, я на ёй пішу, то гэта актуальна перш за ўсё для мяне, а потым – для іншых”.
АЎТАР І ТВОР
ФРАНЦ СІЎКО: “МНЕ ДОБРА ПІШАЦЦА Ў СТАНЕ ЭКСТРЫМУ”
Франц Сіўко жыве ў Віцебску, дзе ўзначальвае абласную філію Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Ён аўтар кніг прозы “З чым прыйдзеш” (1991), “Апошняе падарожжа ў краіну ліваў” (1997), “Удог” (2001). А нядаўна ў сэрыі “Наша ніва” выйшла ў сьвет новая кніга віцебскага празаіка “Час бубна”, з чым яго й павіншаваў Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Франц, як там ачуньвае Віцебск ад шумнага й тлумнага “Славянскага базару”? Ці бывалі вы на канцэртах, ці сачылі за тымі падзеямі, якія разгортваліся на сцэнічных пляцоўках?”
Франц Сіўко: “Я хадзіў на “Славянскі базар”, калі быў фэстываль польскай песьні, гэта было шмат гадоў таму. Летась мне дастаўся квіток, я схадзіў толькі на адзін канцэрт. Наогул, усё гэта прыядаецца, таму што прыяжджаюць, як правіла, адныя й тыя самыя людзі. Вакол “Славянскага базару” многа шуму, і мне не падабаецца, што гэты фэстываль з кожным годам усё больш палітызуецца. Я стаўлюся да яго так, як і большасьць жыхароў Віцебску, якія шукаюць іншыя прыярытэты ў мастацтве. Мне “Славянскі базар” проста нецікавы, мне недаспадобы ўся гэтая папса ня лепшага гатунку. Да таго ж, мне не падабаецца вялікая колькасьць людзей, натоўп, я абыякавы да падобных мерапрыемстваў”.
Скобла: “Віншую вас з выхадам новай кнігі, якой, дарэчы, у Менску не дакупіцца. Яна сапраўды гэтак хутка разышлася, ці аўтар увесь наклад перавёз у Віцебск, каб землякі чыталі?”
Сіўко: “Справа ў тым, што кнігу выдавалі “Наша ніва” і выдавец Ігар Логвінаў. Таму частка накладу засталася ў Менску, а частку я сапраўды забраў у Віцебск. Ня ведаю, як у сталіцы, але тут кніга не ляжыць бяз руху, на гэта я не магу скардзіцца. Наколькі я ведаю, у Менску разышлося каля 300 асобнікаў. Калі каму не хапіла, хай прыяжджае ў Віцебск, я з задавальненьнем падпішу”.
Скобла: “Так што ў Віцебск варта езьдзіць ня толькі на песенныя фэстывалі, але й па аўтограф ад Франца Сіўка. Дзеяньне ў вашай аповесьці “Дзень бубна” адбываецца ў краіне пад назвай Азёрная Цюханія, якая вельмі нагадвае адну знаёмую да болю краіну. Як пісьменьніку вам дастаткова рэчаіснасьці, ці даводзіцца падключаць фантазію?”
Сіўко: “І тое, і другое. Безумоўна, без фантазіі пісьменьнік абысьціся ня можа. Але я перакананы, што літаратар, пра што б ён ні пісаў, ня можа зацікавіць чытача, калі ў творы няма нечага ягонага глыбіннага. Што да рэчаіснасьці, то яна часам перасягае ўсе магчымасьці літаратуры. Тыя жыцьцёвыя праявы, зь якімі мы часам сутыкаемся, іх бывае боязна кранаць. Штораніцы я бачу натоўпы п’яных людзей вакол шматпавярховікаў, і іх так шмат… І гэтая алькагалізацыя на побытавым узроўні вельмі страшная. Гэта знак нядобрай будучыні… Фантазія пісьменьніку патрэбная, але я прыхільнік тае літаратуры, дзе ў аснове ляжыць рэальнае жыцьцё”.
Скобла: “Здавалася б, часам рэаліі нашага жыцьця – гатовы сатырычны твор. Але нешта адпаведныя жанры ў нас занядбаныя. Дзе новы Андрэй Мрый? Дзе новыя беларускія сатырыкі?”
Сіўко: “Новы час – новыя песьні. Я ня думаю, што мы павінны некага гвалтоўна пхаць, або самі ісьці ў сатыру. Я нядаўна ў адным з нашых выданьняў чытаў, што калі зьявяцца сатырычныя творы, то гэта й будзе сапраўдная літаратура. Кожны працуе так, як даў яму Бог, і ў тым накірунку, які яму найбольш прыдатны. Нядаўна я перачытваў названага вамі Мрыя, некаторыя ягоныя творы гучаць вельмі сучасна, а некаторыя, гратэскавага пляну, састарэлі. Я паўтаруся, наша сёньняшняе жыцьцё перасягае ўсю магчымую сатыру, усе гратэскі і гіпэрбалы. Самы аптымальны жанр на сёньня – зьмешаны. Гэта відаць па ўсясьветнай літаратуры, ідзе зьмяшаньне жанраў і формаў, адпрэчваньне канонаў, пастаянны пошук новага. І наша маладая літаратура таксама ў гэтай плыні знаходзіцца. Час і ў літаратуру ўносіць свае карэктывы”.
Скобла: “Віцебская абласная філія Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, якую вы ўзначальваеце, штогод ладзіць літаратурныя конкурсы, прыводзіць вечарыны. Ці ёсьць у вас паразуменьне зь віцебскімі ўладамі?”
Сіўко: “Мы сапраўды, як ні дзіўна, ня збавілі тэмпу. У мінулым годзе мы правялі два літаратурныя конкурсы, прысьвечаныя юбілеям Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мы зладзілі сэмінар творчай моладзі ў Полацку, які вельмі здорава атрымаўся, у савецкі час падобных сэмінараў я не прыпомню. Сёньня, магу пахваліцца, мы рыхтуем да друку новы выпуск альманаху “Дзьвіна”, да канца году ён пабачыць сьвет. Што датычыць адносінаў з уладамі… Калі ствараўся альтэрнатыўны пісьменьніцкі саюз, то з намі ня раіліся. І сёньня наша віцебская філія Саюзу беларускіх пісьменьнікаў самадастатковая. Я не лічу патрэбным зьвяртацца да ўладаў і нешта прасіць. Як сказаў швайцарскі пісьменьнік Робэрт Вальзэр: “Улада не павінна быць павівальнай бабкай літаратуры”. Праўда, ён меў на ўвазе маладых літаратараў, але ў нашай сытуацыі словы ягоныя можна аднесьці да ўсёй літаратуры. Чалавек гартуецца ў цяжкасьцях. Напрыклад, я магу пісаць толькі ў стане нейкага экстрыму, у мяне тады найлепш атрымліваецца. Мы, віцебскія літаратары, рэалізоўваем свае задумы й пляны з дапамогай тых спосабаў і сродкаў, якія можам адшукаць. А людзей, якія нас падтрымліваюць, больш чым дастаткова”.
ФРАНЦ СІЎКО. З НОВЫХ ЗАПІСАЎ
Попел Пампэі
Ад жахлівага да высокага – адзін крок. Попел Пампэі, што чэпіцца падчас вандроўкі да ног, надзіва, ня толькі не прыгнечвае, наадварот, – дадае ахвоты ачысьціцца ад бруду. Жаданьня пасыпаць голаў тым вольным, бы вецер па завугольлі паўразбураных камяніцаў, прыскам і паслаць куды падалей усё пустое, нікчэмнае, неістотнае. Адзін крок – даўжынёю ў стагодзьдзі, дзіўная мэтамарфоза на мяжы сёньня і ўчора, сну і явы.
Унук Тодара Кляшторнага
Часта бачу яго на дварэ падчас прагулянак у раёне віцебскага Паўднёвага рынку. Часам мы вітаемся, часам – не, у залежнасьці ад мэтражу між намі на ходніку і ступені звыклай, спароджанай штодзённымі клопатамі зацятасьці. Ня ўпэўнены нават, ці заўсёды ён мяне пазнае: бачыліся зблізку ўсяго адзін раз, з нагоды сьвяткаваньня 100-гадовага юбілею ягонага дзеда, Тодара Кляшторнага, зладжанага пяць гадоў таму ў літаратурным музэі стараньнямі дачкі паэта Тадзіяны. Дзіўна, але кожнага разу, сустракаючы гэтага ўраўнаважанага і, па ўсім відаць, далёкага ад літаратурных справаў чалавека, чамусьці адчуваю перад ім нейкую няўцямна-вусьцішнаватую няёмкасьць. Быццам нечым правініўся перад ім, а ў чым дакладна палягае тая правіна, – не дасі рады знайсьці адказу. І вось, здаецца, нарэшце ці не знайшоў. У вачах вязьня Тодара на турэмным здымку ў кніжцы “Сьляды дарог”, выдадзенай, дарэчы, у 2003 годзе на той самай менскай вуліцы Валадарскага, дзе паэта трымалі ў 1937-м. У вачах “здрадніка радзімы”, чый паэтычны ды грамадзянскі дар так шмат каштаваў яму самому і ягоным блізкім, і чый замглёны праявамі людзкое лютасьці пагляд так і ня страціў дарэшты першароднага свайго наіву, узрошчанага шчадротамі зацішнае парэчанска-лепельскае зямлі. Гэтак зьнябожаных праз няпэўнасьць будучыні і катаваньні, што і праз дзесяцігодзьдзі засталіся здольнымі агаломшыць дакорам ад згадкі пра найвышэйшую тую, якую толькі можа ўявіць сабе чалавек, несправядлівасьць. Якая нібыта і не датычыць цябе наўпрост, а вось жа, ускалыхнутая неспадзеўным спатканьнем з нашчадкам рэпрэсаванага, кальне ў скроню ды і нагоніць рабізны сумневу на ціхамірную тваю, і блізка не азмрочаную гэткімі непамыснотамі, як у Тодара, плынь штодзённага існаваньня.
Цягнік жыцьця
“Як мы можам вось гэтак разлучыцца?” – сказала абражаная часовым ад’ездам каханага гераіня фільма “Цягнік Чжоў Ю” і ступіла насустрач здрадзе. Скуль было ёй, асьлепленай першым у жыцьці пачуцьцём, ведаць, што няўменьне стачыць у адно сёньня і заўтра немінуча прывядзе яе да згубы. Што заўтра, якім бы яно ні выдавала далёкім-недасяжным, непазьбежна становіцца сёньня, і што быць здатным стрываць павольнасьць гэткае мэтамарфозы можа толькі той, у каго ёсьць хоць які-кольвек, хай сабе і найкуртаты, досьвед ад учора. Хто дасканала ведае і прымае як належнае, што быць сёньня – гэта таксама і быць заўтра з валізаю ад учора.
Цягнік жыцьця, хісткі спадзеў на мяжы явы і ўяўленьня.
КРЫТЫКА
ЯЗЭП ЯНУШКЕВІЧ. НЕСАНКЦЫЯВАНАЕ ВЯРТАНЬНЕ
Вильна 1823-1824: Перекрестки памяти (Иоахим Лелевель. Новосильцов в Вильне; Иван Лобойко. Мои воспоминания). Укладальнік Фядута А; уступны артыкул, камэнтар: Лаўрынец П., Рэйтблат А., Фядута А. – Менск: Лімарыюс, 2008. – 244 с.
Мінулым месяцам чэрвенем прыйшла да нашага чытача незвычайная кніга-складанка: “Вільна 1823–1824: Скрыжаваньні памяці”. Незвычайная тым, што ў ёй пададзеныя як жа каштоўныя й калярытныя сьведчаньні-ўспаміны пра адну з найдраматычных старонак мінулага Айчыны, напісаныя ў розны час прафэсарамі Віленскага ўнівэрсытэту Іяхімам Лялевелем ды Янам Лабойкам. Драма тая дзеялася ў нашай даўняй сталіцы Вільні: сьледзтва распачатае сэнатарам Навасільцавым, скончылася працэсам над філяматамі і філярэтамі, фактычным пагромам Віленскага ўнівэрсытэту – самай старажытнай навучальнай установы на землях Вялікага Княства Літоўскага, а потым і ў Расейскай імпэрыі. Недарэмна адзін зь першых варыянтаў успамінаў Лялевеля меў загаловак «Вайна цара зь дзецьмі, або Навасільцаў у Вільні». Так, гэта была вайна, змаганьне з нашай будучыняй, якую (каторым разам!) акупанты спрабавалі ад нас адабраць. Без штыхоў і гарматаў, без карцечы ламалі, забівалі, нявечылі жывыя душы на забранай зямлі…
Таму залішне ў прадмове «Іяхім Лялевель – сьведка і гісторык «працэсу філяматаў» укладальнік Аляксандар Фядута падкрэсьлівае «сухасьць і навуковасьць» пададзеных фактаў. Вось, да прыкладу, абразок-згадка пра аднаго са 108 філяматаў-філярэтаў-прамяністых – Цыпрыяна Дашкевіча: “Дашкевіча вылучала адданасьць гістарычнай навуцы, што была ягоным найлюбімым прадметам і сталася галоўнай прычынай ягонага выгнаньня. Скошаны такім жортскім ударам, ён мужна ўспрыняў яго. Ніхто на Літве падчас таго ўсеагульнага гора ня мог дараўняцца яму ў супакаеньні духу… Кідаўся ён па розных дарогах Расеі, пакуль, нарэшце, не дабраўся да Масквы… З уласных ахвяраваньняў стварыў сяброўскі фонд, зьбіраў і дасылаў грашовую дапамогу, стаўся сапраўднай душой і пацехай выгнаньнікам. Памёр Дашкевіч у Маскве 10 сьнежня 1829 г. Свой невялікі збор, 3000 рублёў срэбрам, ахвяраваў на пажыцьцёвы пэнсіён сваёй матулі, пасьля сьмерці якой хатнія абавязаныя будуць аддаць гэтыя грошы на школьную адукацыю каго-небудзь зь бедных навучэнцаў. Урэшце, пажадаў, каб цела ягонае было перавезена ў Вільню. Імпэратар Мікалай дазволіў перавезьці мёртвыя парэшткі нябожчыка, што і было выканана, аднак дасюль анікому з жывых не дазволіў вярнуцца на родную зямлю”.
Ня меншай мастацкай вартасьцю вылучаюцца мэмуары яшчэ аднаго аўтара, чые ўспаміны ўвайшлі ў складанку, прафэсара Яна Лабойкі. Чаго варты абразок пра баль-прыём у мітрапаліта Станіслава Богуша-Сестранцэвіча (с. 117–119), куды ў ліку ганаровых гасьцей заявіліся “бессарабскі губэрнатар генэрал Бахмецьеў і пецярбургскі камэндант Петрапаўлаўскай крэпасьці Сукін. І той, і другі на драўлянай назе. Заўважыўшы, што ў некаторых гасьцей пры сустрэчы мільгае ўсьмешка, абодва сышлі. Мітрапаліт праводзіў Бахмецьева праз усе пакоі, і хоць быў тады дужа слабы, хутка ішоў за ім. Мы ўсе баяліся, каб толькі ён не пакаўзнуўся на паркеце. Гэта каштавала б яму жыцьця…”
Пачатыя ў 1840-ыя гады, мэмуары свае Я. Лабойка пісаў, азіраючыся на мажлівыя наступствы «мікалаеўскай смалы»: эпоха цараваньня Мікалая Палкіна здавалася бясконцай. Калі ж усярэдзіне 1850-х гадоў надышла адліга панаваньня Аляксандра ІІ, толькі тады былы віленскі прафэсар змог праўдзіва і падрабязна напісаць пра сьледзтва акупацыйных уладаў, учыненае над «дзецьмі», і фактычнае разбурэньне Віленскага ўнівэрсытэту. Гэтая праўдзівасьць, спалучаная з мастацтвам стылю, дазволіла ўрэшце вырваць іх з маўклівага няведаньня; цягам амаль ста пяцідзесяці гадоў праляжалі яны ў архіўных спратах.
Інстытут Польскі ў Менску, які стаўся «донарам» выданьня, спрычыніўся да пашырэньня ведаў пра нашае агульнае гістарычнае мінулае. Пра якое, як засьведчылі старонкі гэтага зборніка, мы амаль ня ведаем. Наогул, трэба быць беларусамі, каб гэтак моцна хварэць на бяспамяцтва. Віна тут і нашых літаратараў усіх пакаленьняў. Паколькі, як спадзяваўся ва ўступным абзацы сваіх мэмуараў Лялевель, “знаходжаньне Навасільцава ў Вільні падчас акадэмічнага 1823–1824 году стане ўдзячным і невычэрпным матэрыялам для гістарынчых аповесьцяў і раманаў”.
Што ж, нават сучасным беларускім раманістам саладзей напісаць (за трэцім-дзясятым разам!) пра віленскую каханку Напалеона, чым пра пакуты і зьдзекі, перанесеныя нашымі продкамі зь непагаснай верай у вольную і свабодную будучыню Айчыны.
Бясспрэчнай пашаны заслугоўвае ўкладальнік выданьня Аляксандар Фядута, чыё навуковае чуцьцё і мастацкі густ не памыліліся, выхопліваючы некалькі гадоў таму ў варшаўскім антыкварыяце «Аttikus» 8 том Збору твораў Іяхіма Лялевеля. Добра, што да яго прыхінуўся маскоўскі дасьледнік А.Рэйтблат, падрыхтаваўшы ўспаміны прафэсара Яна Лабойкі, далучаныя да лялевелеўскіх мэмуараў. Добра, што намаганьнямі таго ж А.Фядуты мы цяпер можам прачытаць і лісты Я.Лабойкі да І.Лялевеля, што ацалелі ў каштоўных зборах Ягелёнскай бібліятэкі ў Кракаве.
А колькі яшчэ пакутных лёсаў, адчайных сьведчаньняў гістарычных падзеяў чакае нас у архіўнай цішы?!
Так супала ў часе, што цяпер давялося мне перачытаць успаміны пра адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі-барэльфу Адаму Міцкевічу ў Сьвятаянаўскім касьцёле ў Вільні, дзе ў склад аргкамітэту па ўшанаваньні памяці найвялікшага ліцьвінскага генія уваходзіў і Францішак Багушэвіч, чые подпісы-аўтографы (бадай, апошнія з прыжыцьцёвых) з кансьпірацыйных меркаваньняў былі зьнішчаныя. Успаміны тыя пісаў у красавіку 1900 году віленчук Казюк Панятоўскі (абодва сьпісы захаваліся ў архівах Вільні і Ўроцлава); пісаў у далёкім Закапанэ, паколькі, як сьведчыць К. Панятоўскі, пісаць іх у акупаванай Вільні было справай небясьпечнай. Чытаючы тыя ўспаміны, гэтаксама як і мэмуары Лялевеля, выдадзеныя ў ахопленай Лістападаўскім паўстаньнем Варшаве 1830 году, ды ўспаміны віленскага прафэсара Яна Лабойкі, што паўставалі цягам 13 гадоў (1843–1856) спачатку ў Пецярбургу, а потым у Адэсе), але так і не былі завершаныя, умацоўваесься думкаю пра гістарычнасьць кожнага жыцьцёвага моманту, які ў будучыні незваротна стане той самай гісторыяй, спасьцігнуць і ўведаць якую мы гэтак прагнем.
Таму ўмець у хуткаплынным жыцьці прааналізаваць і вылушчыць зерне істотнага – талент, дадзены людзям праніклівым і мудрым, якія годныя потым называцца летапісцамі Гісторыі. Што ж, вучыцца спасьцігаць гісторыю Радзімы ніколі ня позна.