Сёньня ў рэдакцыю “Свабоды” завітаў жыхар вёскі Дражна Старадароскага раёну Аляксандар Апанасевіч. На падставе міліцэйскага пратаколу мясцовы суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу на вясковых могілках і аштрафаваў на 1 мільён 40 тысяч рублёў.
Вось што кажа спадар Аляксандар Апанасевіч:
“Са спазьненьнем мяне абвінавацілі, што нібыта быў сярод арганізатараў гэтай акцыі. Я сапраўды ведаў, што адбудзецца ўсталяваньне крыжа. Папярэдзіў пра гэта старшыню нашага сельсавета. Ён запытаў “Навошта гэта робяць?”. Я патлумачыў, што у нас усе ведаюць пра трагедыю, параіў яму ня ўтойваць праўду. Мне маці расказвала пра тое, што адбылося. Маму тады паранілі ў нагу. Яна — адзіная, хто ацалеў з нашай сям’і. Сястру забілі, брата забілі, бабулю забілі”.
Маму тады паранілі ў нагу. Яна — адзіная, хто ацалеў з нашай сям’і. Сястру забілі, брата забілі, бабулю забілі
Крыж зьнік праз чатыры дні. Міліцыя яго не шукае і сёньня. Затое быў арыштаваны на 15 сутак менскі палітык Вячаслаў Сіўчык. На такі ж тэрмін пасадзілі і Віктара Хурсіка — аўтара кнігі “Кроў і попел Дражна”.