Сярод затрыманых па справе выбуху 4 ліпеня на канцэрце да Дня незалежнасьці не засталося прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый і палітычных партый. Аднак усе яны застаюцца падазраванымі і мусяць па першым выкліку зьяўляцца ў органы сьледзтва.
35-гадовы Міраслаў Лазоўскі адседзеў 10 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.
Сваё затрыманьне ён зьвязвае з тым, што калісьці быў сябрам незарэгістраванай арганізацыі “Белы легіён”.
Ён апавёў пра сваіх сукамэрнікаў, затрыманых па той жа справе выбуху:
“Ніхто ніяк ня быў зьвязаны з апазыцыяй. Адзін зь іх — гэта Сяржук Чыслаў [колішні лідэр "Белага Легіёну"]. Яшчэ трое — гэта студэнт біяфаку, які добра ведае хімію. Адзін кампутаршчык з Воршы, які некалькі камэнтароў пакінуў на нейкім сайце. І яшчэ адзін працуе на нейкім заводзе, калісьці адбываў пакараньне за незаконнае захаваньне зброі.
Гэта сьведчыць аб тым, што ніякіх нармальных вэрсій няма. Тым болей, калі я ўжо выйшаў, то пачуў, што будуць апытаньні ўсіх жыхароў Менску. У іх іншага выйсьця няма: трэба нейкі вынік, трэба нешта рабіць, а нічога ня ясна. Таму — усіх”.
Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс” Юрась Карэтнікаў трое сутак правёў у адзіночнай камэры сьледчага ізалятару КДБ, так званай “амэрыканцы”. Ён сказаў, што супрацоўнікі КДБ зрабілі ў яго кватэры фармальны ператрус і папярэдзілі, што ён ня можа раскрываць таямніцу сьледзтва.
Маё алібі было пацьверджана ў першы ж дзень. У мяне былі адзнакі ў пашпарце, што я 29 чэрвеня з аэрапорту “Менск-2” вылецеў, што 6-га позна вечарам я прыляцеў
22-гадовы актывіст Партыі БНФ Антон Койпіш зьвязвае сваё затрыманьне з актыўным удзелам у выбарчай кампаніі. Ён кажа, што за 10 сутак, якія ён правёў у ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, яго толькі азнаёмілі з тэчкай дакумэнтаў, якія яму былі малацікавыя:
Было намалявана, як выглядае вось гэты пакет з-пад соку, які там быў напханы тратылам, а ў тратыл былі ўплаўленыя гайкі па баках.