У брытанскім парлямэнце адбыліся дэбаты па сытуацыі ў Беларусі.
Брытанскі ўрад заклікае Беларусь вызваліць усіх палітычных вязьняў і правесьці свабодныя і справядлівыя выбары. Таксама брытанскі бок вітае запрашэньне місіі АБСЭ для назіраньня за выбарамі. У выпадку істотнага і незваротнага прагрэсу ў гэтых пытаньнях Эўразьвяз гатовы прапанаваць Беларусі паўнавартаснае супрацоўніцтва.
Брытанскія палітыкі заклапочаныя стаўленьнем беларускіх уладаў да грамадзянскай супольнасьці і палітычных партыяў, а таксама некаторых хрысьціянскіх канфэсіяў.
Намесьнік міністра замежных спраў Вялікай Брытаніі Kiм Хоўэлс заявіў, што брытанскі ўрад жадае канструктыўна супрацоўнічаць зь Беларусьсю.
“Я хацеў бы заахвоціць Беларусь разглядаць парлямэнцкія выбары ў верасьні як добрую магчымасьць адбудаваць такое супрацоўніцтва, дэманструючы здольнасьць вырашаць важныя пытаньні правоў чалавека. Паляпшэньне стасункаў з Эўразьвязам прынясе спрашчэньне ў падарожжах грамадзянаў, палепшыць эканамічныя магчымасьці і дасьць шанец браць удзел у абмеркаваньні пытаньняў, якія закранаюць нас усіх, такіх, як навакольнае асяродзьдзе”, — заявіў Kiм Хоўэлс.
Дэпутат ад Кансэрватыўнай партыі Марк Прытчард заявіў, што міжнародная рэпутацыя Беларусі мае вялікую значнасьць.
“Я ведаю некаторыя брытанскія кампаніі, якія хацелі б працаваць у Менску і іншых беларускіх гарадах, але яны заклапочаныя тым, што гэта можа нанесьці шкоду іх рэпутацыі”, — адзначыў Марк Прытчард. — “Вельмі важны працэс правядзеньня парлямэнцкіх выбараў. Эўразьвяз і сотні эўрапейскіх кампаніяў разам з брытанскімі нецярпліва чакаюць дэмакратычнага сыгналу ад Беларусі”.
Дэпутат ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Джо Суінсан выказаў заклапочанасьць сытуацыяй са свабодай мэдыяў у Беларусі, і ў прыватнасьці наступствамі нядаўна прынятага закону аб СМІ.
Стэнаграма дэбатаў