Колькі затрыманых у справе выбуху?

У ізалятары часовага ўтрыманьня цяпер шасьцёра апазыцыянэраў. Людзі ў чарзе зь перадачамі кажуць, што агулам затрыманых, якіх падазраюць у выбуху падчас сьвяточнага канцэрту 4 ліпеня, значна больш. У Сьледчым упраўленьні МУС дакладнай лічбы затрыманых па справе аб выбуху 4 ліпеня не называюць.

Сваякі Ігара Корсака паведамілі “Свабодзе”, што той трое сутак трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага затрыманьня. Але ўчора яму стала кепска і ён спыніў галадоўку.

Нагадаем: 6 ліпеня на кватэры Ігара Корсака супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус. Яны знайшлі ў кватэры пакет з балтамі і гумовыя пальчаткі. У ноч на 7 ліпеня Ігара Корсака затрымалі на трое сутак у якасьці падазраванага ў выбуху падчас сьвяточнага канцэрту. Калі Ігар даведаўся, што сьледчыя падоўжылі яму тэрмін утрыманьня пад вартай да 10 сутак, ён распачаў галадоўку пратэсту.

Жонка Ігара Корсака наведала сёньня ізалятар і пакінула на імя кіраўніка ўстановы заяву, каб да Ігара выклікалі мэдыкаў.

“Я напісала ў заяве: “прашу пракантраляваць стан здароўя майго мужа”. Але яны ўсе кажуць, што ніхто не галадаў тут. Пры мне паказалі нейкі журнал лекара. А я ім казала, што ён мог і не зьвяртацца. Адкуль я ведаю. Вядома, гэта ўсё кепска. Яны мне казалі, што калі будзе зварот, то яны адразу выклікаюць “хуткую”, адразу прыходзіць лекар. Цяпер сходзяць, канечне”.

Дзень народзінаў у турме

Кіраўніцтва партыі БНФ, сваякі і сябры Ільлі Богдана перадалі яму перадачу. Так яны віншуюць хлопца з Днём народзінаў. Ільлю затрымалі 10 ліпеня і паўтара сутак трымалі ў міліцыі Маскоўскага раёну бязь ежы. Адвакат Ільлі Богдана Павал Сапелка падаў скаргу на беспадстаўны арышт і незаконнае ўтрыманьне свайго падабароннага.

Гаворыць паплечнік Ільлі Франак Вячорка:

“Такім чынам мы хочам яго падтрымаць. Мы ведаем, у якіх умовах ён там знаходзіцца. Магчыма, яго там дапытваюць, магчыма, яго шантажуюць. Менавіта каб ён адчуваў нашу падтрымку, мы прыйшлі да сьцен “Акрэсьціна”. Верым, што тое, у чым яго абвінавачваюць, хлусьня. Пасьля, калі ён выйдзе на свабоду, будзем разам зь ім дамагацца справядлівасьці”.

У ізалятары часовага ўтрыманьня знаходзяцца яшчэ чацьвёра апазыцыянэраў: Міраслаў Лазоўскі, Сяржук Чыслаў, Віктар Ляшчынскі і Антон Койпіш.

Затрыманых каля паўсотні?

Сьледчыя не даюць ніякіх зьвестак наконт колькасьці падазраваных у крымінальнай справе. Ад выбуху бомбы пацярпела каля 50 чалавек. Паводле наведнікаў ізалятара, колькасьць затрыманых таксама вагаецца каля лічбы 50. Часам да дваццаці чалавек у чарзе да акенца, дзе прымаюць перадачы, высьвятляюць, што іх сваякі праходзяць па адной справе.

Вольга Корсак, прыйшоўшы падаць заяву кіраўніку ізалятару, сутыкнулася з жанчынай, якая прынесла перадачу свайму зяцю.

“Мы пачалі размову, бо разам стаялі пад дзьвярыма. Яна казала, што няма грошай на адваката і таму не наймалі. Ён па той самай справе пра выбух. У яго была нейкая судзімасьць. На сьвятах ня быў. Яго таксама затрымалі”.

Тым часам міліцыянты працягваюць апытваць жыхароў Менску, ці зьяўляюцца тыя сябрамі радыкальных арганізацый і ці могуць нешта паведаміць на гэты конт пра сваіх суседзяў. У мэтро міліцыянты спыняюць людзей са смуглявым тварам і чорнымі валасамі і правяраюць у іх рэчы мэталашукальнікам.