Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 15 ліпеня, аўторак.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
У Беларусі рыхтуюцца да выбараў у Палату прадстаўнікоў. Распачалося фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Выказваньні слухачоў:
Спадарыня: “Хачу сказаць пра выбары. Лукашэнка запусьціў чарговы піяр, што яны будуць свабодныя і справядлівыя, а Ярмошына за ім паўтарыла. А яны ўжо распрацавалі зусім іншы плян, а таму да выбараў усё ў іх будзе зроблена і расстаўлена. Ня трэба апазыцыі і блізка лезьці да гэтых выбараў. Яны ніколі ня зробяць справядлівых выбараў”.
Спадар: “Выбары павінны прайсьці свабодна і справядліва. Толькі з 8 раніцы да 22 гадзіны вечара. Папярэдняга галасаваньня не павінна быць. Трэба забараніць хадзіць са скрынкамі. На кожным выбарчым участку пры падліку галасоў, з правам праверкі, павінен прысутнічаць прадстаўнік кожнага кандыдата”.
Спадар: “Вэртыкальшчыкі не далі магчымасьці прадстаўнікам апазыцыі працаваць ва ўсіх выбарчых камісіях. Ізноў адбываецца парушэньне Канстытуцыі ўладамі Беларусі адносна грамадзян краіны”.
Слухачы Радыё Свабода таксама працягваюць выказвацца на тэму выбуху, які адбыўся ў Менску 4 ліпеня:
Спадарыня: “Мне падаецца, што тыя людзі, якія абвясьцілі інфармацыйную вайну Беларусі, яны і зьдзейсьнілі гэты тэракт. Чаму? Бо не атрымалася: як яны ні стараліся, што ўжо толькі ні казалі на Беларусь і шматпакутны беларускі народ, абражалі, аплёўвалі. Нічога не атрымалася, таму вырашылі гэтак ударыць па Беларусі”.
Спадарыня: “На злодзеі і шапка гарыць: усе зьбегліся ў вашую студыю, каб апраўдацца перад беларускім народам. Ды ніколі ў жыцьці не апраўдаецеся! Тое, што вы нарабілі за 18 год, ніколі вам паратунку ня будзе. Вашая апазыцыя зрабіла гэта. Яны запалохалі прэзыдэнта, яны яго хацелі падарваць, але не атрымалася, бо ахова была. Дык давай хоць народ падарвем”.
Выказваньні камэнтуе старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:
“Некаторыя сталыя людзі заўсёды шукаюць ворагаў, бо па-іншаму мысьліць ня ўмеюць. А ворагаў шукаюць там, дзе ім паказвае БТ. Я думаю, што за выбухам стаяць прабізнэсоўскія расейскія сілы, якія ня могуць канчаткова рэалізаваць пастаўленыя мэты. Там і трэба шукаць вінаватых, а не сярод нармалёвых беларусаў. Гэта звычайнае ўзьдзеяньне БТ-шнай прапаганды, якая на сталых людзей, на жаль, яшчэ вельмі ўплывае. І мне іх вельмі шкада”.
Нагадаю, што з ізалятара КДБ вызваленыя тры актывісты апазыцыі, якіх падазравалі ў дачыненьні да выбуху 4 ліпеня. За кратамі застаюцца яшчэ некалькі чалавек.
Яшчэ адзін слухач выказваецца на тэму амэрыканскай сыстэмы проціракетнай абароны ў Цэнтральнай Эўропе:
Спадар: “ПРА — зброя абароннага, а не наступальнага прызначэньня. Нашая ўлада шукае нейкага ратунку. Усё можа быць у вайсковай карусэлі: навошта ж ставіць ПРА ў Калінінградзе ці ў Беларусі? Пастаўце свае ПРА ў нашых сяброў — на Кубе ці ў Вэнэсуэле. І будзе ў нас роўны вайсковы балянс. Будзе ў нас згода — казаў слухач Свабоды”.