У дарожна-транспартным здарэньні на аўтастрадзе Бэрлін — Гановэр загінулі пяць беларускіх грамадзянаў, са спасылкай на Першы нацыянальны тэлеканал паведамляе БелаПАН. Яшчэ трое беларусаў з цяжкімі траўмамі дастаўлены ў шпіталь.
Мікрааўтобус "Фальксваген-Каравела", у якім знаходзіліся беларусы, урэзаўся ў грузавік, які стаяў. Згодна з адной з вэрсій, кіроўца мікрааўтобуса заснуў за рулём. Аўтамашына належыць жыхару Горадні. Яго пасажыры, як мяркуецца, ехалі ў Нямеччыну, каб купіць аўтамабілі. Для аказаньня дапамогі пацярпелым на месца выехаў прадстаўнік беларускай амбасады ў Нямеччыне.