Злучаныя Штаты і Чэхія падпісалі дамову аб разьмяшчэньні на чэскай тэрыторыі радара – часткі амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны, скіраванай супраць ракетнага ўдару з боку краінаў кшталту Ірану. Расея асудзіла амэрыканска-чэскае антыракетнае пагадненьне.
Старты ракет “Шахаб-3” былі зробленыя корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі ў пустыні. Ракета нясе звычайную боегалоўку вагою адну тону, дальнасьць палёту – дзьве тысячы кілямэтраў. Ізраіль аказваецца у межах дасягальнасьці “Шахаба-3”.
“Варожыя аб’екты у нас пад прыцэлам,” – гэтак пракамэнтаваў ракетныя выпрабаваньні адзін з кіраўнікоў корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі. Раней у аўторак дарадца духоўнага лідэра Ірану аяталы Алі Хамэнэі заявіў, што калі будзе зробленая атака на іранскія ядзерныя аб’екты, Тэгеран нанясе удар ў адказ па Тэль-Авіву і амэрыканскім ваенным караблям ў Пэрсыдзкай затоцы.
Злучаныя Штаты рэзка асудзілі іранскія ракетныя выпрабаваньні . Прадстаўнік Белага дому падкрэсьліў, што гэтыя выпрабаваньні парушаюць рашэньне Рады бясьпекі ААН. Паводле экспэртаў пакуль ракетная праграма Ірану не ўяўляе вялікай небясьпекі. Ваенны экспэрт Даг Рычардсан кажа, што Іран мае каля 30-50 ракетаў, і што дакладнасьць “Шахаба-3” – каля 3 кілямэтраў, так што ён ня можа выкарыстоўвацца супраць ваенных караблёў, адзінае, для чаго гэтая ракета здатная – абстрэл гарадоў па плошчах. Экспэрт гаворыць:
Рычардсан: “Можна выкарыстоўваць звычайную выбухоўку, якой былі начыненыя нямецкія ракеты ФАУ-2, якімі нацысты абстрэльвалі Лёндан падчас Другой Усясьветнай вайны. Калі Вы хочаце ацаніць разбуральную моц іранскіх ракет, то будзе дакладнай аналёгія з ФАУ-2, якімі абстрэльвалі Лёндан больш за 60 гадоў таму”.
Аднак выпрабаваньне “Шахабаў” стала своеасаблівай дэманстрацыяй таго, што ракетная пагроза, супраць якой Злучаныя Штаты будуюць антыракетны шчыт у Эўропе – гэта ня міт, а ў пэрспэктыве такая пагроза можа стаць цалкам рэальнай. Учора ў Празе дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс падпісала з чэскімі ўладамі пагадненьне аб пабудове ў Чэхіі радыёлякацыйнай станцыі, якая будзе кіраваць ракетамі-перахопнікамі, якія мяркуецца разьмясьціць у Польшчы.
Паводле зьвестак амэрыканскай выведкі да 2015 году Іран будзе мець ракеты, якія змогуць дасягаць амэрыканскай тэрыторыі. Расея заўсёды рэзка крытычна ставілася да пабудовы ў Эўропе амэрыканскага антыракетнага шчыта, разглядаючы яго як пагрозу сваёй нацыянальнай бясьпецы. Учора МЗС Расеі заявіў, што калі пагадненьне паміж ЗША і Чэхіяй наконт радара будзе дасягнутае, Маскве давядзецца рэагаваць “не дыпляматычнымі, а ваенна-тэхнічнымі мэтадамі”. Прадстаўнік амэрыканскага ваеннага ведамства ў адказ выказаў упэўненасьць, што са спробаў Расеі прымусіць эўрапейцаў панэрвавацца нічога не атрымаецца.
Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў адрэагаваў на пагадненьне паміж Вашынгтонам і Прагай адмоўна, але стрымана.
Мядзьведзеў: “Нас гэта не задавальняе, я гэта наўпрост сказаў сваім калегам. Мы зразумела, ня будзем уздымаць з гэтай нагоды нейкай гістэрыкі, але будзем прадумваць крокі ў адказ”.
Расейскі лідэр нагадаў, што Масква прапаноўвала Вашынгтону сумесны маніторынг ракетнай небясьпекі, аднак рэакцыяй былі кволыя перамовы, якія ні да чаго не прывялі. “І мяне гэта вельмі засмучае,” – сказаў Мядзьведзеў. Дзяржсакратар Райс заявіла, што рэакцыя Расеі “прадказальная, але расчароўвае”.
Іран правёў старты 9 ракет з дальнасьцю дзеяньня 2000 кілямэтраў.