Сяргей Дубавец: Знак цемнаты

У часе наўпроставай трансьляцыі ўрачыстасьцяў у Менску на Першым нацыянальным канале дыктары агучылі патрабаваньні да кандыдатаў у Роту ганаровай варты. Сярод гэтых патрабаваньняў -- "абавязковы славянскі тып твару.”
А што гэта такое – славянскі тып твару? Чым і як ён вымяраецца? Нацысты выкарыстоўвалі цыркуль і паказьнікі фізіягномікі. На тое працавалі адмысловыя лябараторыі і дасьледчыя цэнтры. А ўсё для таго, каб усіх, хто не адпавядае арыйскаму расаваму стандарту, адправіць у газэнваген. Увогуле “тып твару” толькі тады і ўсплывае ў гісторыі, калі трэба ўсіх астатніх куды-небудзь адправіць. Напрыклад, “каўказцаў” – з Расеі. Па сваёй сутнасьці выраз “славянскі тып твару” – усяго толькі эўфэмізм, які кожны вайсковец постсавецкай арміі павінен зразумець проста – “чарнажопых” ня браць. І тады ўсё становіцца ясна бяз цыркуля і фізіягномікі.

“Тып твару” – гэта знак цемнаты, зацьменьня розуму. З гітлераўскага і сталінскага мінулага мы ведаем, што расізм недавучак заўсёды цягнецца да глямуру. Менавіта ў мадэльным бізнэсе сёньня пішуць пра моду на “славянскі тып твару”, па сутнасьці маючы на ўвазе тып жаночае красы. Але і тут, дзе жанчын разглядаюць і ацэньваюць паводле зьнешніх прыкметаў, мы ня знойдзем інструкцыі з цыркулем. Усё вызначаецца на вока.

Уладны рэжым РБ даўно гуляецца з фашызмам. Пакуль гэта толькі гульня. Інакш, ці засталіся б на сваіх пасадах галоўны дырыжор афіцыёзных канцэртаў, галоўны пісьменьнік ці галоўны рэдактар галоўнай газэты? Зрэшты, увесь уладна-прыўладны бамонд уяўляе зь сябе мешаніну татарскіх, жыдоўскіх, балцкіх і немаведама якіх яшчэ “тыпаў твару”. Маўляў, мы, гульцы, можам быць усякімі, толькі салдацікі павінны быць усе аднолькава алавяннымі.

У гэтай гульні, аднак, якраз сёлета адкрылася страшнаватая падаплёка. Маю на ўвазе апублікаваную гісторыкамі БДУ лічбу стратаў мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі за мінулую вайну. Каля 500 тысяч. Лічба сувымерная афіцыйнай колькасьці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у БССР (600 тысяч), гэта значыць, тых, каго зьнішчыла НКВД. Дык вось, сярод 500 тысяч жыхароў, забітых у вайну, абсалютная большасьць – на рахунку савецкіх партызан з “большой земли”, іншымі словамі, таксама НКВД.

Вось і атрымліваецца, што фашызм ва ўсіх гэтых паралелях, па вялікім рахунку, і ні пры чым.