“Запрашэньне папы рымскага было нечаканасьцю”

Сёньняшняе запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі папу рымскаму наведаць Беларусь абмяркоўваюць філёзаф Уладзімер Мацкевіч і аглядальнік нашага радыё Юры Дракахруст.
Радкевіч: Чаму адбылося такое запрашэньне на 14-м годзе кіраваньня, за два дні да сустрэчы з новым прэзыдэнтам Расеі і за тры месяцы да парлямэнцкіх выбараў?

Дракахруст: Па-першае, гэта такі паліткарэктны жэст на адрас беларускіх католікаў. Упершыню ў гісторыі Беларусі рымскі першагерарх прыедзе ў Беларусь – дзякуючы каму? Дзякуючы Лукашэнку. На адрас праваслаўнай царквы ўлада робіць жэсты ўвесь час, а тут – нейкае імкненьне да балянсу.

Па-другое, гэта такі вельмі "пісьменны" сыгнал Захаду. Гэта не 12 умоваў ЭЗ выконваць, але гэта такая духоўная прысяга заходняй цывілізацыі – думаю, што Захадам яна будзе ацэненая.
Можна меркаваць, што з Масквы загучаць крыкі, маўляў, Лукашэнка “прадаўся каталіцкаму Захаду”. А можа на гэта і разьлік.


Але, на мой погляд, гэты крок і не пазбаўлены рызыкі, бо ведаючы стаўленьне расейскіх уладаў да канфлікту паміж праваслаўем і каталіцызмам ужо зараз можна меркаваць, што з Масквы загучаць крыкі, маўляў, Лукашэнка “прадаўся каталіцкаму Захаду”. А можа на гэта і разьлік.

Радкевіч: Сп.Мацкевіч, а Вы як думаеце, чаму такое запрашэньне адбылося менавіта цяпер?

Мацкевіч: Ну я б адразу ўзгадаў, што ўжо больш за год таму адзін з галоўных ідэолягаў Лукашэнкі акадэмік Рубінаў абвясьціў, што вось такі альянс і саюз паміж праваслаўнай царквой і дзяржавай быў у папярэднія часы некалькі перабольшаны, і далей ужо такога ня будзе. З гэтага моманту пачынаецца ня тое што пацяпленьне адносінаў беларускага рэжыму да каталіцкай царквы, але ж нейкія такія крокі насустрач.

Больш таго, за апошні час вельмі абвастрылася польскае пытаньне, а як вядома, пераважная большасьць палякаў на Беларусі – гэта каталікі, і беларусы-каталікі таксама схільныя да польскага ўплыву. Таму гэтае пытаньне таксама непакоіць дзяржаву. У гэтым сэнсе, я думаю, што цалкам палітычна мэтазгодна, карысна рабіць такія захады.

Але іншая справа, што зараз зь візытам у Беларусі знаходзіцца вельмі ўплывовая асоба Ватыкану, кардынал, сылезіянец, які прыбыў з пэўнай нагоды ў Беларусь і ўяўляе сабой досыць значную ўплывовую палітычную фігуру ў каталіцкім сьвеце. Запрашэньне папы рымскага, якое было для мяне нечаканасьцю, – гэта безумоўна знакавая падзея, якая будзе пэўным чынам прачытана і на Захадзе, і пэўным чынам адаб'ецца ўвогуле на міжнародным становішчы Беларусі.

Радкевіч: Я хачу зьвярнуць увагу, што умовай візыту Папы ў некаталіцкую краіну зьяўляецца ня толькі запрашэньне ад уладаў, але і згода дамінуючай канфэсіі. Учора прадстаўнікі Беларускага экзархату ў інтэрвію нашаму радыё недвухсэнсоўна заяўлялі, што згода Беларускай праваслаўнай царквы на візыт папы дадзеная ня будзе, і што гэта наагул пытаньне Сыноду Расейскай праваслаўнай царквы і патрыярха Маскоўскага і Ўсяе Русі Алексія ІІ. Дык калі так, то чаго вартае запрашэньне Лукашэнкі?

Дракахруст: З улікам гэтых умоваў гэтае запрашэньне выглядае яшчэ большым піяр-крокам, чым на першы погляд. Лукашэнка запрасіў, а тое, што праваслаўная царква не пагадзілася і не пагодзіцца – ну дык пры чым тут ён? Палітычныя дывідэнды – яму, а палітычных выдаткаў, якія маглі б быць, калі б візыт сапраўды адбыўся – няма.

Уладзімер трапна прыгадаў канцэпцыю Рубінава. Я не выключаю, што такая сытуацыя можа прывесьці ў межах гэтай канцэпцыі да пэўнага падрыву пазыцыі РПЦ ў Беларусі. Бо Беларусь не Расея, і я думаю, што шараговы беларус, у тым ліку і праваслаўны беларус, наўрад ці зразумее, чаму праваслаўная царква гэтак упарціцца супраць прыезду папы.

Радкевіч: Уявім сабе, што візыт папы ўсё ж адбудзецца: які ўплыў гэта зробіць на беларускае грамадзтва? Усе памятаюць візыт папы Яна Паўла ІІ ў Польшчу ў 1979 годзе, які стаў важным чыньнікам паўстаньня "Салідарнасьці". І наадварот, якія дывідэнды можа атрымаць ад візыту рымскага пантыфіка Лукашэнка?

Мацкевіч: Канечне, такіх наступстваў, як візыт Яна Паўла ІІ у Польшчу гэты візыт ня будзе мець, таму што каталікі не складаюць большасьці хрысьціянскіх вернікаў у Беларусі. Па-другое, усё ж такі палітыка сёньняшняга папы крыху адрозьніваецца ад палітыкі папярэдняга, Яна Паўла ІІ, ну і да таго ж папа – не беларус, які прыедзе зараз у Беларусь, як гэта было з Янам Каралем Вайтылам.
Лукашэнка – вялікі гандляр. Ён выкарыстае гэтую сытуацыю для гандлю і з Эўропай, і з Расеяй. І канечне, альянс з праваслаўем будзе адкарэктаваны.


Таму думаю, што наступствы будуць больш мяккія, але ж гэта ўсхвалюе ўсю Беларусь дакладна, таму што пілігрымка каталікоў на сустрэчу з Папам будзе велізарная, гэта для краіны будзе падзея, якую, пэўна, цяжка сабе ўявіць і зь нечым параўнаць.

Іншая справа, што Лукашэнка – вялікі гандляр. Ён выкарыстае гэтую сытуацыю для гандлю і з Эўропай, і з Расеяй. І канечне, я думаю, што альянс з праваслаўем будзе адкарэктаваны. Можа, беларускі праваслаўны экзархат атрымае большую аўтаномію ад маскоўскага, а можа Лукашэнка таксама нейкія захады ў гэтым накірунку зробіць да большай аўтаноміі ад крамлёўскай палітыкі.