Стэфан Эрыксан: Быкаў па-швэдзку

Чытаем Быкава. Амбасадар Швэдзкага каралеўства ў Беларусі Стэфан Эрыксан чытае ўрывак з апавяданьня Васіля Быкава “Сьцяна”
Я хачу адразу сказаць, што я няшмат чытаў твораў Быкава. Я ведаў пра гэтага пісьменьніка, што ён пісаў у асноўным творы пра вайну, пісаў праўдзіва. Я больш пазнаёміўся зь ім калі ён апынуўся ў Швэцыі - быў час, калі ён быў вымушаны з-за сваёй грамадзянскай пазыцыі пакінуць радзіму.

У Швэцыі ён браў удзел у нашым кніжным кірмашы ў Гётэборгу, я чытаў інтэрвію - вельмі цікавае. Ён тады вельмі перажываў за сытуацыю на радзіме і ўжываў такое слова - я яго тады пачуў першы раз - “лінгвіцыд”, забойства мовы. Яго вельмі хвалявала сытуацыя зь беларускай мовай на радзіме. Потым ён ужо пакінуў Швэцыю, паехаў далей, пажыў у Фінляндыі, у Чэхіі.

Калі я прыехаў працаваць у Беларусь у верасьні 2005 году, мне адразу ў рукі патрапіў фільм “Вяртаньне” - фільм пра пахаваньне Быкава, які мяне вельмі закрануў. Трохі пазьней, калі мы сталі разьвіваць нашы літаратурныя кантакты, мы заплянавалі ў Швэцыі на Готландзе сэмінар для перакладчыкаў – каб заахвоціць швэдзкіх перакладчыкаў перакладаць зь беларускай мовы. Быкава адзін раз перакладалі – раман “Кар'ер” – але не зь беларускай, а з расейскай мовы. І тады ўзьнікла ідэя зрабіць пераклад. Я ніколі мастацкіх перакладаў не рабіў, але я таксама хацеў прыняць удзел у гэтым перакладчыцкім сэмінары і вырашыў, што трэба нейкі пераклад зрабіць. Я вырашыў перакласьці апавяданьне – з апошніх быкаўскіх – апавяданьне “Сьцяна”...



Чытаем Быкава. Увесь чэрвень, кожны дзень, на хвалях Свабоды будуць гучаць быкаўскія радкі. Іх будуць чытаць розныя людзі – і блізкія сябры пісьменьніка.