Паміж Беларусьсю і Літвой узьнікла дзяржаўная мяжа

  • Тацяна Поклад
Сёньня ў міністэрстве замежных спраў Літвы адбылася урачыстая цырымонія абмену нотамі, якая адзначыла канчатковае завяршэньне дэмаркацыі мяжы паміж Літоўскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь.
Ад гэтага моманту мяжа паміж дзьвюма суседнімі дзяржавамі стала паўнавартаснай дзяржаўнай мяжой. Дагэтуль, на працягу ўсяго працэсу дэмаркацыі – амаль 12 гадоў – гэта была не дзяржаўная мяжа, а адміністрацыйная лінія (ужываліся таксама тэрміны дэмаркацыйная лінія, праектная лінія, дэлімітацыйная лінія).

„Гісторыя вучыць, што найлепш ужываюцца тыя суседзі, тэрыторыя якіх падзеленая дакладнай мяжой паводле ўзаемнай згоды, якая не пакідае месца ніякім тэрытарыяльным прэтэнзіям, – сказаў сакратар Літоўскага МЗС Лайманас Талат-Кялпша ў часе абмену нотамі са сваім беларускім калегам Валерыем Варанецкім. – Дзяржаўная мяжа мае не падзяляць, а аб'ядноўваць суседзяў“.

Беларуска-літоўская мяжа – першая дэмаркаваная вонкавая мяжа Эўразьвязу пасьля яго пашырэньня.

У самім працэсе вызначэньня гэтай мяжы ня бралі удзел ні прадстаўнікі Беларусі, ні Літвы.

„Гэтая мяжа ўнікальная тым, што праз усю гісторыю Беларусі і Літвы яна ніколі не існавала раней як дзяржаўная мяжа“, – сказаў Зянонас Кумятайціс, кіраўнік літоўскай дэлегацыі у Зьмяшанай дэмаркацыйнай камісіі.

Прадстаўнікі абедзьвюх краінаў адзначалі, што цягам усіх працаў па дэмаркацыі істотных скаргаў і пратэстаў ад мясцовых жыхароў не было, хаця праблемы былі.

Дзяржаўная мяжа пасярод вёскі

„Гэты тэрмін, амаль 12 гадоў, быў таксама вельмі патрэбны ў псыхалягічным сэнсе для мясцовых жыхароў, каб прымірыцца зь дзяржаўнай мяжой там, дзе яе раней ня было, – расказаў З. Кумятайціс. – Напрыклад, Кулькішкі – мяжа прайшла пасярод вясковай вуліцы, хаця адміністрацыйна там былі дзьве розныя вёскі, але, вядома, мясцовым жыхарам спачатку псыхалягічна было вельмі складана прыняць тое, што раптам паміж двума суседзямі зьявілася дзяржаўная мяжа“.

„Былі такія населеныя пункты на памежжы, якія заўсёды разьвіваліся побач, але яны ўсе былі заўсёды на розных тэрыторыях – адзін у Беларусі, другі – у Літве. Пры гэтым яны заўсёды мелі розныя назвы, – сказаў Аляксандр Архіпаў, кіраўнік беларускай дэлегацыі у Зьмяшанай дэмаркацыйнай камісіі.

Таму сказаць, што мяжа прайшла праз населеныя пункты, нельга. Іншая справа, што сапраўды гаспадарчыя пабудовы, хаты былі вельмі блізка, людзі жылі супольна, хадзілі адзін да аднаго, падтрымлівалі сямейныя і сваяцкія дачыненьні. Калі зьявілася мяжа, давялося прызвычаіцца, што ўжо так проста нельга пайсьці да суседа, прынесьці ад яго нешта. Таму, вядома, пытаньне было ў чыста псыхалягічных аспэктах.

З пункту гледжаньня ўсталяваньня дзяржаўнай мяжы ніякіх праблемаў ня было, мы не дапусьцілі такога, каб мяжа прайшла праз панадворак, ці скрозь дом, усе межы землеўладаньняў, землекарыстаньняў былі захаваныя. Менавіта таму мы упэўненыя, што гэтая дзяржаўная мяжа – на многія гады, таму што яна успрымаецца як справядлівая ўсімі, хто жыве паблізу мяжы.“

Самая доўгая

Апрача таго, гэта самая доўгая вонкавая дзяржаўная мяжа Эўразьвязу, і цяпер дакладна вядомая яе даўжыня да сантымэтру: 678 км 819 м 04 см (379,9 км па сушы і 298,9 км па вадзе).

Беларуска-літоўская мяжа працягваецца ад пункту перасячэньня межаў Латвіі, Літвы і Беларусі на ўсходзе „Людвінава“ (усталяваны яшчэ ў 1999 годзе і дэмаркаваны ў 2000 г.) да пункту перасячэньня межаў Літвы, Польшчы і Беларусі на захадзе „Мара“, пагадненьне аб якім мае быць падпісанае сёлета.

„Мяжа цяпер ёсьць такая, якой і павінна быць на самой справе“, – адзначыў у сваім выступе амбасадар па спэцыяльных даручэньнях МЗС Беларусі Віктар Гесік. – Мы будзем яшчэ сустракацца адзін з адным, і думаю, гэтыя сустрэчы будуць для ўсіх радасныя, каб завершыць тое, што пачалі рабіць – адносна пункту перасячэньня межаў Польшчы, Беларусі і Літвы“.

У Камітэце памежных войскаў Беларусі заяўляюць, што пытаньне аб дэмаркацыі мяжы Беларусі з Расеяй пакуль ня ставіцца. “Найбольш вострым” памежнікі называюць пытаньне аб рэдэмаркацыі дзяржаўнай мяжы з Польшчай, бо беларуска-польская мяжа на сёньня вызначаецца дамовамі Савецкага Саюзу. Часткова ідзе працэс дэлімітацыі з Украінай (дэлімітацыя – азначэньне мяжы на мапах), аднак Беларусь ад 1997 году не ратыфікуе дамову пра украінска-беларускую мяжу. Працэс дэлімітацыі і дэмаркацыі мяжы займае ў сярэднім 10 гадоў.