Дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян выказаў меркаваньне, што візыт Папы ў Беларусь магчымы толькі як візыт кіраўніка дзяржавы Ватыкан. Гэтае меркаваньне мы папрасілі пракамэнтаваць супрацоўніка Радыё Ватыкан Янку Мойсіка.
Мойсік: "Візыт папы, які яшчэ ня быў у Маскве, наўрад ці магчымы ў Беларусь, калі Беларусь так моцна зьвязаная з Масквой. Арцыбіскуп Кандрусевіч ужо даўно запрасіў Папу ў Беларусь. Але папа, на жаль, едзе толькі тады, калі запрашае яго кіраўнік дзяржавы (у нашым выпадку, Лукашэнка) і вядучая царква (у нашым выпадку праваслаўная).
Кандрусевіч, калі яшчэ быў у Маскве, часта запрашаў папу ў Маскву, але трэба было мець дазвол з боку Пуціна ці, раней, Ельцына, які, здаецца, выказваў жаданьне, каб папа прыехаў у Маскву, але не было ніколі згоды кіраўніка Рускай Праваслаўнай царквы. А Ватыкан прытрымліваецца прынцыпу, што павінны быць дзьве ўмовы – запрашэньне ад кіраўніка дзяржавы і згода кіраўніка вядучай рэлігіі дадзенай краіны.
Што да статусу, то папа ніколі ня едзе толькі як кіраўнік дзяржавы Ватыкан, а едзе да сваіх вернікаў, да свайго статку, да сваіх авечак, ён ня можа прыехаць, як палітычны дзеяч, сустрэцца толькі з Лукашэнкам і вярнуцца ў Ватыкан, не адслужыўшы сьвятой імшы. Візыт ёсьць найперш душпастырскі, да вернікаў, а не каб сустрэцца з кіраўніком дзяржавы”.