У Горадні сёньня распачнецца Сёмы фэст нацыянальных культураў, ён праводзіцца раз на два гады
Горадня чакае фэст, які вось-вось распачнецца. Я знаходжуся на вуліцы Ажэшкі — там, дзе яна сутыкаецца зь Віленскай і з Савецкай. Стаю перад палацам князёў Масальскіх, яго да сьвята якраз паднавілі. Пасярэдзіне высокая брама і напісана, што тут будзе грэчаскі падворак. Што думаюць гарадзенцы пра сьвята нацынальных культураў, якое адбудзецца сёмы раз? Ці сапраўды яны ўсе такія талерантныя, як гэта прапагандуецца?
Маладая мама: “Я думаю, няважна якой ты нацыянальнасьці, таму гэты фэстываль сапраўды аб’ядноўвае ўсіх”.
Яе муж: “А я вельмі не люблю (... усіх прыезджых) –рэд. ”.
Дзяўчына: “У нас напэўна любяць людзей іншых нацыянальнасьцяў, раз чакаюць. Я ўвогуле ня ведаю такіх людзей, які б, напрыклад, былі антысэмітамі заядлымі”.
Маладая спадарыня: “Я не сустракалася з такой праблемай, я стаўлюся да ўсіх аднолькава. Для мяне няважна, якой нацыянальнасьці чалавек”.
Яе сяброўка: “Думаю, што так: самае галоўнае, каб чалавек быў добры. Для мяне, напрыклад, нацыянальнасьць ня мае значэньня. Я сама полька, каталічка”.
Карэспандэнт: “А да Саюзу палякаў вы не належыце?”
Маладая спадарыня: “У дадзены момант — не, але калісьці належала”.
Карэспандэнт: “Ну, а цяпер больш ня хочаце запісацца ў яго?”
Маладая спадарыня (з усьмешкай): “Трэба падумаць”.
Карэспандэнт: “Але вы ведаеце, што цяпер два саюзы палякаў існуюць?”
Маладая спадарыня: “Так, ведаю”.
Карэспандэнт: “І ў які б Вы пайшлі — у афіцыйны, ці да Анжалікі Борыс?”
Маладая спадарыня: “Ну, я думаю, што да Борыс”.
Маладзён: “Мне здаецца, што шмат у чым гэтае сьвята мае прапагандысцкі характар. Хутчэй за ўсё ўсталявалася традыцыя такога савецкага сьвята, якое навязваецца зьверху, і людзі яго аўтаматычна сьвяткуюць, не задумваючыся над зьместам. Тым больш ва ўмовах Беларусі беларусы амаль што меншасьцю зьяўляюцца, то хутчэй трэба рабіць сьвята менавіта нацыянальнай культуры”.
Карэспандэнт: “Беларусы, якія трымаюцца беларускай мовы?”
Маладзён “І культуры таксама. Увогуле павінна аднаўляцца нацыянальная культура, а не праводзіцца фармальна аформленыя сьвяты міжнацыянальных культураў, тым больш ня ўсё так добра ў нас”.
Карэспандэнт: “А ваш сябра таксама бачыць нейкі прапагандысцкі характар сьвята, ці не? Ці проста Вам падабаецца такая карнавальнасьць?”
Другі маладзён: “Вашае пытаньне наконт талерантнасьці: я не талерантны, я стопрацэнтова неталерантны. Мне не падабаецца. што Стары замак у Горадні аддалі літоўцам, зрабілі там літоўскі падворак. Мне не падабаецца, што Новы замак аддалі палякам для падворку. Гэта — усё беларускае, і я —супраць”.
Так супала, што да пачатку фэсту нацыянальных культур на Гарадзенскі абласным тэлебачаньні перастала гучаць беларуская мова. На расейскую пераведзеная апошняя праграма, якая выходзіла па-беларуску -- выпуск навінаў. Тлумачэньні чытайце тут.
Так супала, што да пачатку фэсту нацыянальных культур на Гарадзенскі абласным тэлебачаньні перастала гучаць беларуская мова. На расейскую пераведзеная апошняя праграма, якая выходзіла па-беларуску -- выпуск навінаў. Тлумачэньні чытайце тут.