Беларускія гастарбайтэры ў пошуках долі

Сёньня ў Гомелі ў абласным судзе пачаўся працэс над арганізатарамі незаконнай вярбоўкі грамадзян Беларусі дзеля эксплюатацыі на будоўлях Расеі — паводле артыкулу 181 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь “Гандаль людзьмі”.
У зьвязку зь незаконнай вярбоўкай разглядаецца й крымінальная справа Сяргея Шуманскага з Рэчыцы — лідэра злачыннай групоўкі “шуманскія”. Яна, як і іншыя падобныя групоўкі, займалася рэкетам, рабункамі, разбоем і махлярствам сярод прадпрымальнікаў.

Разам з Шуманскім на лаве падсудных — яшчэ пяцёра жыхароў Рэчыцы, Гомеля й Хойнікаў.

Паводле абвінавачаньня, зачытанага ў судзе дзяржаўным абвінаваўцам Аляксеем Рудзішкіным, асобныя ўдзельнікі злачынных крымінальных груповак арганізавалі сваю структуру для вярбоўкі й эксплюатацыі грамадзян рэгіёну на будоўлях суседняй Расеі. Ачольваў яе жыхар Рэчыцы Георгій Бяляўскі.

З абвінаваўчага заключэньня вынікае, што эксплюатацыя людзей на будаўніцтве казармаў ваенна-каманднага вучылішча імя Вярхоўнага Савету СССР у Маскве, генэральнага штабу ваенна-марскіх сілаў Расеі, гандлёвага цэнтру “Сямёнаўскі” ды іншых аб’ектаў была ня менш прыбытковай справай, чымсьці рабункі на тэрыторыі Гомельшчыны. Некаторым завербаваным рабочым недаплачвалі па 1600—1700 даляраў ЗША.

Пра ўмовы працы на будоўлях Масквы распавядае адзін з пацярпелых, які не схацеў афішаваць сваё імя:

“Бывала, што трое сутак бяз хлеба, на адной пярлоўцы сядзелі. За чатыры з паловай месяцы мне выдалі 3 тысячы расейскіх рублёў заробку. І гэта — усё! У мяне болей няма слоў”.

Яшчэ адзін завербаваны гастарбайтэр распавёў наступнае:

“Жылі проста на будоўлі. Працавалі без выхадных — з 8 раніцы да 8 вечара. Абяцалі па тысячы даляраў на месяц. За чатыры з паловаю месяцы далі дзьве з паловаю тысячы расейскіх рублёў. Забіралі пашпарты — усе дакумэнты. Без пашпартоў нікуды ж не паедзеш. Пасьля пашпарты аддалі — і мы адтуль уцяклі”.

За 2005—2007 гады, па зьвестках сьледзтва, вярбоўшчыкі накіравалі ў Расею звыш 60 чалавек з Рэчыцкага, Хойніцкага, Рагачоўскага, Буда-Кашалёўскага, Сьветлагорскага ды некаторых іншых раёнаў Гомельшчыны.

Уся вобласьць была падзеленая на сэктары. За кожны сэктар адказвалі пэўныя асобы зь ліку вярбоўшчыкаў. Людзей зваблівалі высокімі заробкамі, добрым харчаваньнем і прывозілі ў месцы збору — у Гомель, Рэчыцу, Рагачоў, а пасьля прыватнымі мікрааўтобусамі адпраўлялі ў Расею на будоўлі.

З абвінаваўчых матэрыялаў відаць, што найчасьцей кантраляваў працу на будоўлях 56-гадовы жыхар Гомеля Аркадзь Казоўскі.

Незгаворлівых гастарбайтэраў часам выхоўвалі з дапамогай кулакоў.


Дзе ў замежжы шукаюць працу гарадзенцы?

Гарадзенцы, да якіх я зьвярнуўся, ня ўзгадвалі пра суседнюю Польшчу. Усе, каго яны ведаюць, працавалі ці працуюць у заходніх краінах. Сёньня многія спадзяюцца атрымаць “карту паляка”, але яны разьлічваюць хутчэй не на працу ў суседняй краіне, а на тое, каб аднавіць памежны бізнэс, які прыпыніўся пасьля ўводу палякамі шэнгенскіх візаў.


"Cтавіліся там да нас як да рабочай жывёлы"


Міграцыйныя службы Расеі паведамляюць, што цяпер на тэрыторыі краіны знаходзяцца больш як 350 тысяч беларускіх гастарбайтэраў. Афіцыйнага ўліку тых зь іх, хто памёр ці загінуў, няма. Незалежныя экспэрты сьцьвярджаюць, што ў мінулым годзе і сёлета прапалі альбо былі забітыя амаль тры дзясяткі беларусаў.

Дэпутат В. Герасіменка: “Намі па-сапраўднаму гандлявалі. Ты там ніхто”

Былы дэпутат Вярхоўнага савету 13 скліканьня Вячаслаў Герасіменка 2 гады езьдзіў працаваць у Маскву.

“Усялякае было. Аднойчы жылі мы ў вагончыку. Яшчэ пашчасьціла, што ў вагончыку. Гаспадар быў вайскоўцам, які некалі служыў у Рэчыцы. Жонка ў яго была з Хойнікаў. Яны беларусаў паважалі. У нас былі яшчэ нармальныя ўмовы — нават тэлевізар быў. А ў суседнім вагончыку безь нічога жылі хлопцы. Той вагончык разам з тымі хлопцамі згарэў”, — кажа В.Герасіменка.

У Смаленску працуюць 2 тысячы беларусаў

Жыхар Жлобіну Сяргей працаваў ў Смаленску на будоўлі. Кажа, што гаспадар яго падмануў і ня выплаціў 1 600 даляраў заробку.

За мяжой зарабляюць, каб аплаціць навучаньне і набыць кватэры


Як кажа дырэктарка Навукова-дасьледчага інстытута працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сьвятлана Шаўчэнка, бальшыня тых, хто едзе з краіны ў пошуках працы за мяжу, ня мае магчымасьці варта зарабляць на радзіме.


У Чавускім раёне “гастарбайтэраў” бяруць на ўлік

Гастарбайтэры: “Мы былі ў расейскіх працоўных канцлягерах...”