Вынікі супраціву таталітарным рэжымам у Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе абмяркоўваліся ў Сойме Літвы на міжнароднай канфэрэнцыі “Падзеньне Бэрлінскага муру: ад Будапэшту да Вільні”.
Станіслаў Шушкевіч сказаў у часе свайго выступу на канфэрэнцыі, што расесйкая акупацыя Беларусі працягваецца, у тым часе як адзін з пачынальнікаў руху за незалежнасьць Літвы Саюдзіс Альфонсас Аўгуліс адзначыў, што беларусы могуць ганарыцца тым, што аднымі з першых развалілі савецкую імпэрыю.
Двухдзённая міжнародная канфэрэнцыя адбываецца ў рамках юбілейных імпрэзаў – 20-годзьдзя літоўскага грамадзкага руху “Саюдзіс”, які адыграў вызначальную ролю ў аднаўленьні незалежнасьці Літвы.
3 чэрвеня 1988 году літоўская інтэлегенцыя стварыла “Саюдзіс” як рух за перабудову. Лідэры “Саюдзіса” галоўнай мэтай руху неўзабаве абвясьцілі незалежнасьць Літвы. Дзякуючы дэпутатам “Саюдзіса” ў Вярхоўнай Радзе Літвы быў прыняты акт 11 сакавіка 1990 году аб аднаўленьні незалежнасьці.
Дзе цяпер Бэрлінскі мур?
Пра тое, куды перанесены Бэрлінскі мур сёньня, у сваім выступе гаварыў лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнай Рады Беларусі у 1991-1994 гг.
“Тут размова сымбалічная. Бэрлінскі мур адзьдзяляў свабодны сьвет ад сьвету камуністычнага. На сёняшні дзень фактычна ўзьведзеная сьцяна паміж Расеяй, Беларусьсю з аднога боку – і цывілізаваным сьветам – з другога.
Але ў Беларусі гэтая сьцяна найбольш жорстка ўзьведзеная, таму што яна яшчэ дапоўненая беларускім заканадаўствам. Таму што цяпер ёсьць людзі, якія ня могуць выехаць за мяжу ўвогуле.
Ізаляванасьць інфармацыйная вялікая, а за межы Беларусі ідзе прапагандысцкая хлусьня. Тое самае, што было ў старыя часы, калі існаваў Бэрлінскі мур. Вось пра гэта я хацеў сказаць і сказаў”.
“Калі апаганьваюць увесь беларускі народ, нашыя заканадаўчыя органы ня робяць ніякіх захадаў супраць гэтага”
Шушкевіч адзначыў, што расейская акупацыя ў Беларусі працягваецца і Расея рэалізуе ў Беларусі свае імпэрскія інтарэсы ўсімі магчымымі сродкамі, у тым ліку і праз праваслаўную царкву. У часе свайго выступу ў літоўскім Сойме Станіслаў Шушкевіч у якасьці аднаго з прыкладаў распавёў пра выдадзеную ў Беларусі кнігу кіраўніка Беларускага аддзела Саюзу Расейскага народу В.Ерчака “Слова і справа Івана Грознага”:
“Калі я рыхтаваўся да выступу, мне далі кніжку, якую я тут цытаваў у часе выступу – ведаеце, я ня мог сабе ўявіць, як гэта магчыма – калі ў нас так абараняюць нібыта гонар прэзыдэнта, што за нейкія заўвагі ў ягоны адрас садзяць у турму людзей, то калі апаганьваюць увесь беларускі народ, і прыпісваюцца яму недапушчальныя наогул рысы, калі гучаць заклікі да генацыду пэўнай нацыі і гэтыя кніжкі выдаюцца ў Беларусі, і нашыя заканадаўчыя ворганы не робяць ніякіх захадаў супраць гэтага, – я лічу, што гэта недапушчальна”.
“Беларусы – адны зь першых, хто разваліў імпэрыю”
Альфонсас Аўгуліс, першы амбасадар Літвы ў Беларусі, адзін з пачынальнікаў руху “Саюдзіс”, сказаў, што чакаў ад выступу С.Шушкевічу больш расповедаў пра пагадненьне ў Віскулях:
“Ёсьць сэнс такіх канфэрэнцыяў, і менавіта міжнародных, першы раз такую зрабілі і гэта сапраўды патрэбна. Бо гэта была праблема не адной Літвы, а праблема ўсёй Эўропы. А што да ролі Беларусі, я думаў, што Станіслаў Шушкевіч больш раскажа і пра тыя падзеі, якія былі у Віскулях у сьнежні 1991-га, таму што ў вытоках руху “Саюдзіс”, руху за незалежнасьць, быў распад імпэрыі. І сёньня беларусы павінны надзвычай ганарыцца, што яны – адны зь першых, хто разваліў імпэрыю”.
Дзьве дарогі
Галоўны рэдактар і стваральнік найвялікшага ў Цэнтральнай і Усходняй Эўропе штодзёньніка «Gazety Wyborczej», легендарны апазыцыянэр Адам Міхнік, які ўжо досыць працяглы час не дае нікому інтэрвію і не выступае публічна, прыехаў на віленскую канфэрэнцыю. У сваім выступе ён гаварыў пра сёняшнія пагрозы дэмакратыі і свабоды з боку расейскіх уладаў:
“Што нам пагражае сёньня? Мы маем дзьве дарогі – дэмакратычную і дарогу, якую я б назваў “пуцінізм”, – поўнае адраджэньне таталітарнага рэжыму, мадэль дзяржавы Пуціна: канцэнтрацыя ўлады, ціск на СМІ і грамадзкія інстытуцыі, страх і стварэньне вобраза ворага звонку. Я кажу гэта ня як русафоб – я сам назваў бы сябе сапраўдным антысавецкім русафілам, ад лепшых здабыткаў расейскай культуры я навучыўся веры ў сэнс свабоды, можа, таму, што сама Расея свабоды была пазбаўленая”.
Захаду лягчэй асудзіць нацызм, чым камунізм
Удзельнікі канфэрэнцыі ў літоўскім Сойме адзначылі таксама неабходнасьць асудзіць злачынствы камунізму такім жа чынам, як гэта было зроблена адносна нацызму. Паводле іх, Захаду цяжэй аб'ектыўна ацаніць камунізм і яго злачынствы, паколькі там ня мелі ўласнага досьведу гэтага рэжыму. Асудзіць нацызм лягчэй, паколькі ён быў пераможаны яшчэ у сярэдзіне 20 ст., а Савецкі Саюз – пераможца нацызму, – стаўся супэрдзяржавай, і яшчэ не адное дзесяцігодзьдзе Захаду даводзілася кантактаваць зь яго лідэрамі, – адзначылі ўдзельнікі круглага стала аб вызваленьні ад камуністычнага таталітарызму ў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе. Паводле латвійскай парлямэнтаркі, былога міністра замежных справаў Сандры Калніеце, “шмат фактаў з нашай гісторыі – невядомыя, самае сумнае, што бальшыня на Захадзе і ня хоча іх ведаць”.